Як жа годна перажыць Адвэнт, каб наша сэрца было адкрытым на прыйсце Божага Сына? Разуменне рэальнага сэнсу і ролі Адвэнту абумоўлівае адпаведныя практыкі. Бо калі Адвэнт — гэта не тэорыя, не фальклор, не сентыментальны пабожны звычай, то яго варта ўспрымаць як заклік Касцёла, каб адумацца, выправіцца, перамяніцца да лепшага. Але як гэта зрабіць? Вось некалькі парад, якія дапамогуць не змарнаваць час у перадсвяточнай мітусні, а дапамогуць наблізіцца да Пана Бога.
Зрабіць пастанову
Каб праца над сабой прынесла канкрэтны плён — патрэбна дакладна акрэсленая задача: не стаць увогуле лепшым, але змяніць на лепшае штосьці канкрэтнае ў сваім жыцці. Варта паразважаць над сваімі адносінамі з Богам (можа, недастаткова малюся, не чытаў ніколі Біблію, не цікаўлюся духоўнай літаратурай) і адносінамі з іншымі (з бацькамі, дзецьмі, калегамі, выпадковымі людзьмі на вуліцы ці краме). Пастановы могуць быць рознымі, яны залежаць ад асабістых рэлігійных практык.
Удзельнічаць у раратах
Гэта не толькі добрая пастанова, але і магчымасць вялікай працы над сабой і адчуванне сапраўднай атмасферы чакання Збаўцы. Ранішнія раратнія Імшы ‒ гэта прыгожая даўняя традыцыя Касцёла, якая праз шматлікія сімвалы дапамагае адчуць прыгажосць літургіі і атрымаць асалоду ад прадпрымання канкрэтных высілкаў. У нашай святыні раратнія святыя Імшы будуць цэлебравацца ў панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне.