Традыцыйна падчас Адвэнту ў панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне ў нашай святыні будуць цэлебравацца раратнія святыя Імшы, на якія сардэчна запрашаем дзяцей і дарослых. На свята Божага Нараджэння, як і ў мінулым годзе, плануецца арганізаваць выставу дзіцячых малюнкаў і стаенак "Хрыстос нарадзіўся!". Заахвочваем дзяцей да ўдзелу ў выставе.
Адна з самых прыгожых традыцый Адвэнту – гэта запальванне чатырох свечак у калядным вянку з яловых галінак. Такія вянкі ўпрыгожваюць дамы і святыні ў перадкалядныя дні. Звычайна ўсе чатыры свечкі Адвэнту чырвонага або фіялетавага колеру, але часам адна з іх бывае ружовай.
У першую нядзелю Адвэнту ўрачыста запальваецца першая свечка – свечка «Прароцтваў». Яна сімвалізуе прароцтвы Бібліі, якія папярэднічалі з’яўленню Збаўцы – Езуса Хрыста. Другая свечка запальваецца ў другую нядзелю Адвэнту. Гэта «Бэтлеемская» свечка, якая так названа ў памяць аб падарожжы Марыі і Юзафа ў Бэтлеем і нараджэнні Дзіцяткі Езуса. Трэцяя свечка – свечка «Пастухоў». Гэтая свечка прысвечана пастухам, якія з дапамогай анёлаў першымі знайшлі Дзіця і пакланіліся яму. Трэцяя нядзеля Адвэнту мае назву Gaudete (“Радуйцеся”), таму свечка радаснага, ружовага колеру. Чацвёртая свечка Адвэнту называецца свечка «Анёлаў», яна сімвалізуе анёлаў, якія аб’явіліся пастухам у бэтлеемскай пячоры, паведаміўшы ім пра нараджэнне Дзіцяткі Езуса.