Слова Адвэнт паходзіць ад лацінскага adventus — "прыйсце". Адвэнт доўжыцца чатыры нядзелі, якія папярэднічаюць Божаму Нараджэнню, і дзеліцца на дзве часткі: першая — да 16 снежня — гэта час радаснага чакання паўторнага прыйсця Езуса на сканчэнне свету; другая — з 17 па 24 снежня — звязана непасрэдна з падрыхтоўкай да ўрачыстасці Нараджэння Пана. Галоўная мэта Адвэнту — прыгатаваць нас да прыйсця Хрыста. Таму Касцёл называе гэты час “радасным чаканнем”, а не посным перыядам пакуты.
Як жа годна перажыць Адвэнт, каб наша сэрца было адкрытым на прыйсце Божага Сына? Разуменне рэальнага сэнсу і ролі Адвэнту абумоўлівае адпаведныя практыкі. Бо калі Адвэнт — гэта не тэорыя, не фальклор, не сентыментальны пабожны звычай, то яго варта ўспрымаць як заклік Касцёла, каб адумацца, выправіцца, перамяніцца да лепшага. Але як гэта зрабіць? Вось некалькі парад, якія дапамогуць не змарнаваць час у перадсвяточнай мітусні, а дапамогуць наблізіцца да Пана Бога.
Зрабіць пастанову
Каб праца над сабой прынесла канкрэтны плён — патрэбна дакладна акрэсленая задача: не стаць увогуле лепшым, але змяніць на лепшае штосьці канкрэтнае ў сваім жыцці. Варта паразважаць над сваімі адносінамі з Богам (можа, недастаткова малюся, не чытаў ніколі Біблію, не цікаўлюся духоўнай літаратурай) і адносінамі з іншымі (з бацькамі, дзецьмі, калегамі, выпадковымі людзьмі на вуліцы ці краме). Пастановы могуць быць рознымі, яны залежаць ад асабістых рэлігійных практык.
Галоўнае, каб мець глыбокае ўсведамленне, што такімі паводзінамі я хачу ахвяраваць сваю працу, барацьбу са схільнасцю да граху, дзеля, напрыклад, навяртання блізкага чалавека, або для дапамогі таму, хто сам сабе з падобнай залежнасцю не дае рады. Сэнс пастановы не ў тым, каб адказацца ад нейкіх рэчаў, а каб перажыць час Адвэнту як канкрэтны выклік для сябе і дзеля карысці іншага.
Удзельнічаць у раратах
Гэта не толькі добрая пастанова, але і магчымасць вялікай працы над сабой і адчуванне сапраўднай атмасферы чакання Збаўцы. Ранішнія раратнія Імшы — гэта прыгожая даўняя традыцыя Касцёла, якая праз шматлікія сімвалы дапамагае адчуць прыгажосць літургіі і атрымаць асалоду ад прадпрымання канкрэтных высілкаў. У нашай святыні раратнія святыя Імшы будуць цэлебравацца ў панядзелак, сераду і пятніцу а 7-ай гадзіне.