Свята святой Агаты
5 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святой Агаты, панны і мучаніцы.  Святая Агаты паходзіла з Сіцыліі. Яе гісторыя падобная да гісторыі святых мучаніц трэцяга стагоддзя. Яе асабістая сустрэча з Хрыстом і прыняцце веры былі звязаныя з пастановай прысвяціць сваё жыццё Богу праз дзявоцтва.
Святая Агата, панна і мучаніца — святая часоў ранняга хрысціянства. Нарадзілася ў 235 годзе ў сіцылійскім горадзе Катанія. Паходзіла са знакамітага мясцовага роду. У 16 гадоў загінула пакутніцкай смерцю за свае хрысціянскія перакананні.

Пасля хросту Агата, з любові да Хрыста, вырашыла захаваць цнатлівасць. Святая была вельмі прыгожай, таму шмат хто хацеў ажаніцца з ёй. Адным з прэтэндэнтаў быў і рымскі намеснік Сіцыліі Квіцыян. Яму, таксама як і астатнім сватам, Агата адмовіла.

Не дабіўшыся ад Агаты згоды на сужэнства, гэты рымскі чыноўнік з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу пачынае ламаць жыццё Агаты. Спачатку спрабуе яе зняславіць, скампраметаваць з дапамогаю жанчыны лёгкіх паводзін, пазней, выкарыстоўваючы ганенні на хрысціянаў, аддае яе на катаванні. За веру ў Хрыста намеснік абвінаваціў Агату ў святатацтве і пад пагрозай пакарання загадаў ёй прынесці ахвяру язычніцкім багам. Святая адмовілася. Тады Квіцыян загадаў бічаваць яе, паліць раскаленым жалезам і раніць вострымі нажамі, а калі яна мужна перанесла гэтыя пакуты — загадаў адрэзаць ёй грудзі. Калі святая ў чарговы раз адмовілася скласці ахвяру багам, намеснік загадаў кінуць яе на гарачае вуголле, каб спаліць зажыва. Такіх пакутаў святая не вытрымала.

Праз год пасля яе смерці выбухнуў вулкан Этна, пагражаючы знішчыць горад Катанія. І, паводле розных крыніц, працэсія з рэліквіямі або з часткай адзення мучаніцы спыніла мора лавы. З тых часоў святая Агата лічыцца апякункай людзей ад пажараў.

Існуюць шматлікія сведчанні, што і ў наш час св. Агата прыходзіць да людзей з дапамогай і сапраўды аберагае ад небяспекі пажару, калі да яе звяртаюцца з верай у малітве і ўжываюць бласлаўлёныя хлеб і ваду. Святая Агата лічыцца апякункай пажарных, ліцейшчыкаў, майстроў, якія робяць званы, медыцынскіх сясцёр і трубачыстаў. Сваёй апякункай яе лічаць і рыцары Мальтыйскага ордэна.

Здараецца, што маці даюць хлеб св. Агаты дзецям, калі тыя пакідаюць родны дом, накіроўваючыся, напрыклад, на вучобу  горад або ў войска. Бласлаўлёны хлеб кіроўцы змяшчаюць у сваіх аўтамабілях. Яго бяруць з сабой у шпіталь, калі ідуць на цяжкую аперацыю. Гэты хлеб часта захоўваюць дома.

Хлеб бласлаўлённы ў гонар св. Агаты адносіцца да сакрамэнталіяў. Сакрамэнталіі – гэта асаблівыя знакі, якія павінны наблізіць нас да Бога. Кожнаму сакрамэнталію пагражае небяспека стаць магічным аб’ектам. Аднак трэба памятаць, што сакрамэнталіі – не знакі, якія дзейнічаюць самі па сабе, і не магічныя амулеты, якія павінны ад чагосьці аберагаць. Гэта знак блізкасці Бога. Яны павінны скіроўваць нашы думкі да Яго, непасрэдна або праз заступніцтва канкрэтнага апекуна. Яны схіляюць нас даверыцца Пану Богу, як рабілі гэта святыя. Гэта наша сапраўдная сіла – давер Богу, які з’яўляецца фундаментам нашага жыцця
.

Паводле каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by