З 2021 года ў сусветнай малітоўнай акцыі прымаюць удзел дзеці нашай парафіі. Сёлета малітоўнае чуванне адбылося перад святой Імшой а 18-ай гадзіне. Пад кіраўніцтвам катэхеткі Наталлі Гарноўскай, дзеці перад Найсвяцейшым Сакрамантам памаліліся аб міры і еднасці ва ўсім свеце, а таксама за нашу краіну, парафію, сем'і.
А 18-ай гадзіне адбылася малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы» у Беларусі. Прамая трансляцыя і тэлемост на партале Catholic.by злучыў пяць парафій з розных дыяцэзій: Мінск, Гродна, Гомель, Магілёў і Браслаў, які ў гэтым годзе прадстаўляў Віцебскую дыяцэзію.
Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы — гэта сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет. Дата правядзення акцыя абраная нездарма. Традыцыйна, кастрычнік з’яўляецца месяцам Ружанца. Акрамя гэтага, 18 кастрычніка адзначаецца свята святога Лукі, Евангеліста, які распавёў нам гісторыю дзяцінства Езуса і, паводле традыцыі, лічыцца асобай, блізкай да Маці Божай.