WYSIWYG Web Builder
Дзеці з усёй Беларусі далучыліся да сусветнай ініцыятывы “Мільён дзяцей моляцца на ружанцы”
18 кастрычніка дзеці ўсяго свету ўзносілі свае малітвы праз заступніцтва Маці Божай аб міры і еднасці. “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы” – ініцыятыва, якая распачалася ў Венесуэле ў 2005 годзе пры падтрымцы Папскага фонда “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Яе асноўная ідэя — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да Cэрца Бога і такім чынам змяняць свет.
У Беларусі акцыя, па ініцыятыве Дабрачыннай Мiсiі Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай, праводзіцца з 2020 года і сёлета ўжо ў пяты раз аб’яднала дзяцей нашай краіны ў супольнай малітве. Дзякуючы сучасным сродкам сувязі і камунікацыі, быў арганізаваны тэлемост. Таксама шмат людзей маліліся, дзякуючы анлайн трансляцыі.

Напачатку сустрэчы, з  санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Жодзіне, прысутных прывітаў ксёндз Аляксандр Шамрыцкі МІС. Ён адзначыў адметнасць сёлетняй малітвы – тэлемост, які распачынаецца ў Жодзіне, злучае пяць марыйных парафій з чатырох дыяцэзій краіны. Віцебскую дыяцэзію прадставіла Браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Ксёндз Аляксандр прывітаў ганаровых гасцей – арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Юрыя Касабуцкага, а таксама дзетак, якія прыехалі на ружанцовую малітву з Мінка, Смалявічаў і Барысава.

Па традыцыі Касцёла ў пятніцу разважалі над балеснымі таямніцамі ружанца.

Першую таямніцу праводзілі дзеці з Санктуарыя Маці Божа Фацімскай з Жодзіна, другую – дзеці з Бабруйскай парафій Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, трэцюю – з Браслаўскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, чацвёртую – дзеці з парафіі  Маці Божай Фацімскай, што ў Баранавічах. Малітву завяршылі маленькія парафіяне з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, дзе ўзяць удзел у малітоўнай акцыі сабралася больш за 200 дзяцей разам з бацькамі і біскупам Гродзенскім Уладзімірам Гуляем. Звяртаючыся да прысутных, пробашч парафіі а. Андрэй Ядкоўскі CSsR адзначыў, што калі дзіця моліцца, то Бог бласлаўляе ўвесь свет.
Дзіцячая малітва была аздобленая глыбокімі разважаннямі, вершамі, кароткімі тэатральнымі пастаноўкамі. Маладыя вернікі з парафіі Святога Валянціна, што ў Смалявічах, упрыгожылі малітву марыйным спевам.

Пасля ружанцовай малітвы да ўдзельнікаў ініцыятывы звярнуўся біскуп Юры Касабуцкі. Ён прыпомніў, як у Евангеллі сам Езус Хрыстус прасіў: “Дазвольце дзецям прыходзіць да мяне”. Іерарх падкрэсліў, як важна, што сёння дзеці моляцца на ружанцы разам.

Напрыканцы ксёндз Аляксандр Шамрыцкі падзякаваў арганізатарам, душпастырам, законным сёстрам, якія прыклалі намаганні, каб малітоўная ініцыятыва “Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы аб міры і еднасці” стала магчымай, а таксама ўсім дзецям, якія далучыліся да малітвы.

Паводле Catholicnews.by і Grodnensis.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by