WYSIWYG Web Builder
Запрашаем у пілігрымку па святынях Пастаўшчыны
5 жніўня плануецца аўтобусная пілігрымка, падчас якой будзе магчымасць убачыць і памаліцца ў касцёлах Пастаўскага краю. Храмы адметныя не толькі сваёй прыгожай архітэктурай і аздабленнем, але з'яўляюцца, найперш, святымі і намоленымі месцамі з глыбокай духоўнай спадчынай.
Па дарозе на Паставы плануецца наведаць касцёл Святой Тройцы ў Глыбокім — помнік позняга барока. Святыня размешчана ў гістарычным цэнтры горада на штучнай насыпной пляцоўцы. Касцёл пабудаваны ў 1764–1782 гг. з цэглы на месцы былога храма 1628 г., фундаванага ваяводам мсціслаўскім і дзісненскім старастам І. Л. Корсакам. Асвечаны ў 1783 г. біскупам П. Тачылоўскім. У 1902–1908 гг. перабудаваны архітэктарам Ю. Заро.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах — помнік архітэктуры барока. У святыні ў цэнтры алтара знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Ларэтанскай (XVII ст.), які карыстаецца вялікай пашанай. Яго прывёз віленскі біскуп Мікалай Пац з Фларэнцыі і ахвяраваў заснавальніцы дамініканскага касцёла Альжбеце Белазор, якая перадала абраз дамініканцам. Увесь паслеваенны час вернікі захоўвалі абраз у хаце, а потым вярнулі ў касцёл.
Наступным месцам прыпынку стане Лучай. Мураваны двухвежавы езуіцкі касцёл святога Юды Тадэвуша, фундаваны ў 1766 годзе Альжбетай Пузыняй з Агінскіх, але дабудаваны ў 1776 годзе пры Тадэвушы Агінскім у пераходным ад барока да «станіслаўскага» класіцызму стыліі. Святыня мае не толькі прыгожую архітэкруру але і цікавую гісторыю, з якой будзе магчымасць пазнаёміцца глыбей.
Касцёл святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах, размяшчаецца ў маляўнічым месцы на правым беразе р.Мядзелка. Помнік архітэктуры неаготыкі пабудаваны ў 1898–1904 гг. з цэглы архітэктарам А. Гойбелем у цэнтральнай частцы горада, на тэрыторыі былога францішканскага кляштара. У гады Першай сусветнай вайны касцёл быў моцна пашкоджаны, а пазней адбудаваны.

Касцёл святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах з'яўляецца Юбілейнай святыняй, за наведванне якой, пры выкананні пэўных умоў, можна атрымаць поўны адпуст. Заахвочваем пілігрымаў скарыстацца гэтым вялікім прывілеем і ласкай Касцёла.
Далей наведаем Камаі, дзе знаходзіцца касцёл Святога Яна Хрысціцеля ўзведзены ў 1606 годзе. Храм неаднаразова адбудоўваўся, пакуль набыў сучасны выгляд. Духоўным скарбам касцёла з'яўляецца абраз Маці Божай з Езусам, які быў напісаны прыкладна ў 1610 г. у Кракаве. Паводле інвентароў XVIII ст. абраз Маці Божай Чанстахоўскай у Камаях лічыцца цудадзейным.
Апошнім месцам прыпынку стане касцёл Святога Апостала Андрэя ў Лынтупах помнік архітэктуры неарэнесансу. 


Прыкладны план пілігрымкі:

5 жніўня

Мёры – ад’езд ад касцёла ў 7.30. 
Глыбокае – касцёл Святой Тройцы.
Дунілавічы – касцёл Найсвяцейшай Тройцы. 
Лучай – касцёл св. Юды Тадэвуша.
Паставы – касцёл святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Камаі – касцёл св. Яна Хрысціцеля.
Лынтупы – касцёл св. Апостала Андрэя.
Прыезд у Мёры.

Пілігрымка
гэта найперш малітва, таму з сабой абавязкова неабходна ўзяць ружанец і малітоўнік.

Ахвяра на пілігрымку 60 рублёў.

Запіс у сакрыстыі да 30 чэрвеня.

Па ўсіх пытаннях звяртацца да пробашча парафіі ксяндза Андрэя Куліка, тэл.+375292160286.
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by