WYSIWYG Web Builder
Асвячэнне аплаткаў на вігілійны стол
У першую нядзелю Адвэнту, якая распачынае перыяд чування, малітвы і перамены жыцця ў чаканні другога прыйсця Збаўцы Нашага Езуса Хрыста, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік асвяціў аплаткі, якімі мы будзем дзяліцца падчас вігілійнай вячэры.
Аплатка (ад лацінскага oblatum — «ахвярны дар») — гэта вельмі тонкі белы прэсны хлеб.

Традыцыя ламання аплаткай сягае каранямі ў першыя стагоддзі хрысціянства. Першапачаткова яна не была звязана з Божым Нараджэннем, а сімвалізавала духоўную камунію членаў супольнасці. У першыя стагоддзі пасля нараджэння Хрыста хрысціяне збіраліся на агапы (у перакладзе з грэцкай – любоў ці сведчанне любові) – «гасціны братняй любові». Такія гасціны адбываліся падчас вялікіх урачыстасцяў. Пасля малітвы ахвярнымі хлябамі, якія складваліся на алтарах, дзяліліся з беднымі. Такі звычай быў сімвалам супольнасці вернікаў, а таксама азначаў, што чалавек, які дзеліцца хлебам, належыць да супольнасці Касцёла.

Сённяшняе дзяленне аплаткай бярэ свой пачатак менавіта ад гэтай традыцыі і сімвалізуе найперш спажыванне Эўхарыстычнага хлеба, як напамін пра тое, як Хрыстус дзяліўся хлебам падчас Апошняй Вячэры.

У Сярэднявеччы ахвярныя хлябы замяняюцца хлебам, падобным да сучаснай аплаткі, на якой змяшчаліся сімвалы і сцэны, звязаныя з жыццём Хрыста або розных святых. Многія бедныя людзі, якія не ўмелі чытаць і пісаць, менавіта праз аплатку вывучалі асновы хрысціянства.

На беларускіх землях звычай дзялення аплаткай вядомы з ХV стагоддзя.

Спачатку права выпякаць аплатку мелі толькі кляштары, а пазней такое права атрымала кожная парафія.
У цяперашні час на Беларусі аплаткі на вігілійны стол выпякаюць сёстры розных законных супольнасцяў. Напрыклад, аплаткі, якія мы можам набыць у нашай святыні, прыгатавалі сёстры эўхарысткі з Браслава.

Усе аплаткі выпякаюцца па адзінаму рэцэпту: вада і мука вышэйшага гатунку. Рэцэпт здаецца вельмі простым, але само выкананне прыгожага вігілійнага хлеба не такое ўжо і лёгкае. Трэба паклапаціцца пра тое, каб аплатка мела снежнабелы колер, не крышылася пры транспарціроўцы і ламанні. Таму прыгатаванне аплатак патрабуе ўмення, адказнасці і вялікай стараннасці.

Спачатку рыхтеуцца цеста, з якога пры дапамозе спецыяльных машынак-прэсаў выпякаюцца лісты. Потым на працягу некалькіх гадзін яны набіраюцца вільгаці і адпраўляюцца пад прэс, таксама на некалькі гадзін. Потым пры дапамозе звычайных нажніц выразаюцца аплаткі.

У першую нядзелю Адвэнту ў касцёлах адбываецца асвячэнне аплатак, якія сёння, як і ў раннехрысціянскія часы, з’яўляюцца знакам супольнасці і сімвалам узаемнай любові і пашаны. Мы дзелімся аплаткай з самымі роднымі і блізкімі, жадаючы дабра, радасці і супакою.

Дзяленне аплаткай — гэта таксама форма прабачэння ўзаемных крыўдаў, сімвал згоды і паразумення. Няхай жа гэты сімвал будзе не проста сімвалам, але рэчаіснасцю ў кожнай нашай сям’і!

Жанна Закрэўская па матэрыялах каталіцкіх сайтаў
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by