Пад апекай святога Крыштафа
23 ліпеня пасля кожнай святой Імшы ў нашай парафіі адбывалася  бласлаўлення кіроўцаў і асвячэнне транспартных сродкаў у гонар святога Крыштафа, успамі якога Каталіцкі Касцёл адзначае 25 ліпеня.
Абраз святога Крыштафа з маленькім Езусам на плячы вядомы, напэўна, кожнаму верніку. Тым не менш пра жыццё і дзейнасць гэтага амаль што самага папулярнага ў народзе святога, аднаго з чатырнаццаці заступнікаў у цяжкіх жыццёвых абставінах, адсутнічаюць якія-небудзь дакладныя звесткі. Агіёграфы тлумачаць гэта тым, што пасля нашэсця варвараў на Рым былі знішчаны ўсе дакументы з жыццяпісамі хрысціянскіх мучанікаў. Але шматлікія легенды і выключная пашана да гэтага святога ўжо ў V ст. сведчаць пра тое, што такі мучанік сапраўды быў рэальнай асобай.

Святы Крыштаф лічыцца заступнікам ад неспадзяванай смерці; апекуном вадзіцеляў, маракоў, падарожнікаў, пілігрымаў, а таксама атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца падчас эпідэмій чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях.

Традыцыя асвячаць транспарт у гонар св.Крыштафа з'явілася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Касцёл зааахвочвае да правільнага разумення гэтага чыну. Асвячэнне аўтамабіля ці іншага транспарту не з'яўляецца гарантам таго, што ў дарозе нічога не здарыцца. Атрымоўваючы бласлаўленне, мы спадзяёмся на Божу падтрымку ў дарозе. Маем надзею, што Пан Бог дасць нам упэўненую руку і пільнае вока, каб мы нікому не прычынілі шкоды. Касцёл нагадвае, што той, хто вядзе сябе на дарозе некарэктна ў адносінах да іншых удзельнікаў руху, рызыкуе жыццём і бяспекай людзей, ‒ здзяйсняе грэх. 

Вырушаючы ў дарогу, варта даверыць сябе апецы Маці Божай і святога Крыштафа, а таксама звярнуцца да Пана Бога аб падтрымцы сваімі словамі або малітвай вадзіцеля: "Божа, дай мне ўпэўненую руку і пільнае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо калецтва для тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і адвядзі ад мяне спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды спадарожнічалі мне. Амэн."

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by