Бласлаўленне вады ў свята Хросту Пана
У свята Хросту Пана, якое завяршае перыяд Божага Нараджэння, у касцёлах традыцыйна адбываецца бласлаўленне вады.  З аднаго боку свята Хросту Пана аб’яўляе вернікам Езуса як любімага Божага Сына, пасланага Айцом у моцы Святога Духа для збаўлення чалавека, а з другога боку, накіроўвае ўвагу на рэчаіснасць хросту.
Падзея Хросту Езуса стала таксама першым у гісторыі выпадкам аб’яўлення ўсёй Святой Тройцы ў бачных постацях (трынітарная эпіфанія), калі Бог Айцец прамаўляе, Сын Божы існуе ў чалавечай постаці, а Дух Святы з’яўляецца ў абліччы голуба. Першапачаткова свята Хросту Пана было ўстаноўлена ў літургіі ўсходняга Касцёла, бо хрост Езуса не меў у рымскай літургіі асобнага свята. Дэкрэтам Святой Кангрэгацыі Абрадаў з 23 сакавіка 1955 г. яно было ўстаноўлена на дзень 13 студзеня замест ранейшай актавы Epifanii, успаміну хросту Езуса. Паслясаборная рэформа літургічнага календара ў 1969 г. акрэсліла гэты дзень як свята Хросту Пана. Было прапушчана слова “успамін” і перасунуты яго тэрмін на нядзелю пасля 6 студзеня.

Разважаючы над словамі Евангелля на свята Хросту Пана ксёндз Уладзіслаў Шарковіч адзначыў: "Праз хрост Езус паказаў сваю любоў да чалавека, таму і мы павінны прабываць у Божай любові. Што гэта значыць?  Найперш — знаходзіцца ў гэтай любові, у стане асвячальнай ласкі, быць у пастаянных зносінах з жывым Хрыстом, праз пакаянне, праз малітву, праз Эўхарыстыю, дзе я прымаю Хрыста. Самыя блізкія адносіны, якія могуць быць у веруючага чалавека з Хрыстом — праз святую Камунію. Таму не трэба занядбоўваць сакрамантам пакаяння, каб быць гатовым у любы час прыняць Хрыста ў сваё сэрца."

"Мы маем вялікі дар — прыналежнасць да Хрыста. Цаніце і беражыце гэты дар. Вучыцеся прыбываць у Божай любові, не рызыкуйце самым каштоўным ў сваім жыцці — сваёй душой. Цаніце Божае выбранне, бо толькі з Хрыстом мы можам усё пераадолець" — падкрэсліў святар.
Завяршылася Эўхарыстыя бласлаўленнем вады і акрапленнем ёй вернікаў.

Жанна Закрэўская
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі