WYSIWYG Web Builder
У Барадзінічах ушанавалі святога Роха
16 жніўня, ва ўспамін святога Роха, у Барадзінічах адбылася парафіяльная ўрачыстасць. На свята сабралася шмат парафіянаў і гасцей. Адпустовую святую Імшу ўзначаліў вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ.
Па-святочнаму ўпрыгожаны храм чакаў сваіх вернікаў з раніцы. Яны ж з розных куточкаў вёскі і наваколля ланцужкамі спяшаліся ў святыню, каб мець яшчэ час годна падрыхтавацца да Эўхарыстыі праз сакрамант споведзі і малітву.

Госцем урачыстасці стаў хор мёрскай парафіі пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч, які ўпрыгожыў набажэнства музыкай і спевамі.
Гамілію прамовіў ксёндз Генадзь Лаўніковіч, які звярнуўся да прысутных з пытаннем: "Ці возьмуць нас у неба?" Хтосцьці сказаў: "Так", але многія не далі дакладнага адказу, як заўважыў святар — "устрымаліся". "Пазіцыя ўстрымання, да якой мы прызвычаіліся яшчэ з мінулых часоў, паралізуе нашыя адносіны з Богам і бліжнім, адносіны з самім сабой, паралізуе ўсё нашае жыццё" — заўважыў прамоўца.

Сярод нас ёсць шмат людзей, якія патрабуюць дапамогі, добрага слова, шчырай усмешкі. Жыццё чалавека вельмі кароткае і крохкае. Наша хрысціянскае жыццё належыць не толькі нам, але і будучым пакаленням, таму мы не павінны марнаваць яго. Прыкладам сапраўднага хрысціянскага жыцця і ахвярнай любові для нас служыць святы Рох. Кіруючы­ся евангельскай парадай: «Калі хочаш быць дасканалым, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай бедным, і бу­дзеш мець скарб у небе» (гл. Мц 19, 21), ён  раздаў усю сваю маёмасць бедным і з кіем у руках пілігрымам пайшоў у Рым. Аднак не дайшоў да Вечнага горада, бо ў дарозе яго напаткала эпідэмія чумы. Святы не змог абыякава прайс­ці каля патрабую­чых і пачаў апекавацца хворымі. Праз некаторы час Рох сам захварэў на чуму і знясілены ляжаў у пячоры за горадам, а нейкі сабака прыносіў яму што­дзённа ежу і такім чынам выратаваў яму жыццё, якое скончылася трагічна. Яго нявінна асудзілі і кінулі ў турму, дзе праз пяць гадоў святы памёр, аднак ён ніколі не наракаў на сваё жыццё і цярпліва зносіў усе выпрабаванні.
Мы павінны на ўзор святога Роха ўспрымаць усім сэрцам словы Святога Пісання і кіравацца імі ў сваім штодзённым жыцці не зважаючы на тое, што пра нас падумаюць або скажуць іншыя. "Няхай Божае слова заўсёды будзе ў нашым сэрцы і на нашых вуснах. Няхай надзея кіруе нашымі крокамі, а любоў прывядзе да свабоды, якую дае нам Езус Хрыстус Змёртвыхпаўсталы" — пажадаў на заканчэнне гаміліі святар.

Пасля Літургіі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам святары і вернікі памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі, праслаўляючы Маці Божую і просячы Яе аб заступніцтве.
На заканчэнне свята пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу Генадзю за цэлебрацыю Эўхарыстыі і прамоўленую гамілію, мёрскага хору за музычнае аздабленне Літургіі, парафіянам за падрыхтоўку святыні да ўрачыстасці, усім прысутным за супольную малітву.

Жанна Закрэўская

16.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by