30 верасня прайшлі першыя заняткі біблійнага кола. Гэта новая рэлігійная практыка, якой не было раней у нашай парафіі. З просьбай расказаць аб дзейнасці біблійнага кола мы звярнуліся да яго кіраўніка – пробашча ксяндза Андрэя Куліка.
- Скажыце, калі ласка, чаму ўзнікла неабходнасць стварэння біблійнага кола?
- Гаворачы пра Біблію, будзем мець на ўвазе Святое Пісанне Новага Запавету. Святое Пісанне і традыцыя касцёла – гэта фундамент нашай веры. Таму вывучэнне, супольнае чытанне Бібліі з’яўляюцца важным элементам нашай веры. Паводле слоў апостала Пятра (2П1, 20-21) “ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння”.
- Многіх цікавіць, што такое біблійнае кола? Гэта своеасаблівая форма катэхезы ці ўсё ж нешта іншае?
- Біблійнае кола – гэта адна з формаў малітоўнага чытання і разважання Божага Слова, змешчанага ў Святым Пісанні. Яно носіць таксама і катэхетычны характар, бо, дзякуючы чытанню Святога Пісання, мы лепш пазнаём Бога, Яго волю адносна чалавека.
- Якая асноўная мэта біблійнага кола?
- Заняткі біблійнага кола праводзяцца з мэтай абудзіць у вернікаў прагу да вывучэння Слова Божага. Паводле думкі св.Гераніма ( у дзень успамінаў якога адбылася першая сустрэча нашага біблійнага кола) ”той, хто не ведае Святога Пісання, не ведае Хрыста”.
- Чаму кожны вернік павінен імкнуцца да супольнага вывучэння Святога Пісання?
- Бог дае сваё слова супольнасці – Касцёлу, а мы, будучы часткай Касцёла, прымаем яго навучанне.
- Якія вы далі б парады тым, хто жадае пазнаваць Бога праз Святое Пісанне?
- Галоўнае – не спыняцца на жаданні. Будзе лепш параіцца са святаром наконт таго, з чаго і як пачаць яго вывучаць. Па-магчымасці далучыцца да супольнасці, якая ў вашай парафіі займаецца паглыбленнем ведаў пра змест Святога Пісання. Заахвочваю ўсіх да штодзённага чытання і разважання тэксту Бібліі.
Жанна Закрэўская
30.09.2020