Адпаведны абрад адбыўся на Імшы, якую біскуп цэлебраваў у гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя ў прысутнасці шматлікіх парафіян, а таксама родных і сяброў семінарыстаў. Лектарамі сталі Уладзіслаў Прыгун і Станіслаў Бервячонак (абодва з Віцебскай дыяцэзіі), акалітамі – Максім Ленец, Яўген Занеўскі, Аляксандр Крыштаповіч і Іван Шаранговіч, кандыдатамі да пасвячэння – Аляксандр Давідовіч, Ян Каськевіч, Аляксандр Швінта, Даніла Ракса і Павел Догель.
Падзея, як паведамляецца, была вельмі радаснай для саміх гэтых студэнтаў і для ўсёй супольнасці семінарыі.
У гаміліі біскуп сказаў, што першая нядзеля Вялікага посту “адкрывае перад Касцёлам асаблівую прастору цішыні і праўды, бо, распачынаючы гэты благаслаўлёны час, мы не проста ўваходзім у новы перыяд літургічнага календара, а становімся перад Богам такімі, якімі мы ёсць на самой справе, без масак, без апраўданняў і без ілюзій, дазваляючы Божаму Слову дакрануцца да самай глыбіні чалавечага сэрца”.
Разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, іерарх заўважыў, што Бог пасля граху першых людзей “не перастае шукаць чалавека, пытаецца: “Дзе ты?”, гэта пытанне Айца, які не хоча страціць сваё дзіця”, і што “з гэтага Божага пошуку пачынаецца Вялікі пост”. Біскуп адзначыў, што ў словах псальма: “Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа”, гучыць просьба не проста аб прабачэнні, а аб “новым сэрцы”, бо “праблема чалавека не толькі ў памылках, а ў сэрцы, якое стамляецца любіць, губляе надзею і часта шукае лёгкіх шляхоў”.
“Менавіта таму Касцёл прапануе пост, малітву і міласціну не як цяжар, а як лекі. Пост вучыць свабодзе ад таго, што намі валодае; малітва вяртае слуханне Бога; міласціна адкрывае сэрца на іншага чалавека”, – патлумачыў іерарх.