Навучанне — гэта важны і адказны жыццёвы этап. Звяртаючыся да дзяцей і дарослых, пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік заахвоціў задумацца над тым, навошта трэба добра вучыцца? Святар падкрэсліў, што вельмі часта матывацыяй да навучання ў дзяцей з'яўляецца жаданне ў будучым быць падобным да бацькоў, настаўнікаў, іншых знаёмых. Таму вельмі важна бацькам быць добрым і пабожным прыкладам для сваіх дзяцей. Не марнаваць час на інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і тэлебачанне, а лепш узрастаць духоўна, разам з дзецьмі хадзіць у нядзелю на Эўхарыстыю і супольна адпачываць.
Ксёндз Андрэй параўнаў жыццё з вялікай прыгожай вазай для кветак. Чым мы запоўнім гэтую вазу, з тым і прыйдзем да Пана Бога. Калі нам удасца на працягу жыцця сабраць бутет з добрых учынкаў, пабожных спраў любові і міласэрнасці, то будзе што прадставіць Пану Богу. Калі ж мы дазволім запанаваць уласнаму эгаізму, занядбаем сваімі здольнасцямі і не будзем развіваць свае таленты, то наш букет будзе вельмі бедны або ваза ўвогуле застанецца пустой.
Далей святар засяродзіў ўвагу на тым, што рэлігійная адукацыя, якая адбываецца праз катэхезу, з'яўляецца падмуркам выхавання кожнага веруючага чалавека. Катэхеза не завяршаецца Першай Камуніяй, ёсць яшчэ падрыхтоўка да сакраманту канфірмацыі, іншыя віды катэхезы і самаадукацыя.