WYSIWYG Web Builder
Бласлаўленне на новы навучальны і катэхетычны год
31 жніўня на святой Імшы а 13-ай гадзіне адбылося бласлаўленне на новы навучальны і катэхетычны год і асвячэнне школьных прылад. Падчас Эўхарыстыі маліліся не толькі за дзяцей і моладзь, якія сядзуць за парты, каб паглыбляць свае веды, але і за іх бацькоў, настаўнікаў і катэхетаў.
На святой Імшы было вельмі шмат дзяцей, якія прыйшлі каб атрымаць бласлаўленне і асвяціць свае школьныя прылады да новага навучальнага года. Вядома, што гэта вельмі важная справа, аднак варта не забывацца таксама пра заняткі па рэлігіі, якія хутка распачнуцца.

Старшыня Камісіі ККББ па справах каталіцкай адукацыі і катэхезы біскуп Уладзімір Гуляй у Пастырскім лісце на новы навучальны і катэхетычны год 2025/2026 падкрэсліў: "Ведаю, што дзеці звычайна вельмі абцяжараны вучобай у школе, пры гэтым часта наведваюць дадатковыя пазашкольныя заняткі, гурткі, займаюцца спортам, вучацца танцам, музыцы, маляванню ці развіваюць іншыя таленты. Усё гэта, якім бы патрэбным і годным пахвалы яно ні было, не можа быць для нас, хрысціян, важнейшым за рэлігійнае выхаванне дзяцей. Памятайце словы Хрыста: «Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці ягонай, а […] усё дадасца вам» (Мц 6, 33). Прыкладам поўнага даверу Богу ў здзяйсненні выбару і прыняцці рашэнняў няхай будзе святы апостал Павел, які пісаў пра сябе: «Што было для мяне набыткам, тое дзеля Хрыста я палічыў стратай. Ды і ўсё лічу стратаю дзеля перавагі пазнання Езуса Хрыста, майго Пана» (Флп 3, 7-8)."
Перад бласлаўленнем пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік заўважыў, што заняткі па рэлігіі для дзяцей і моладзі праводзяцца не толькі перад прыняццем сакрамантаў Першай святой Камуніі і канфірмацыі, але на працягу ўсяго часу іх вучобы ў школе. Святар нагадаў бацькам, што клопат аб тым, каб іх дзеці наведвалі парафіяльныя катэхетычныя заняткі на працягу ўсяго часу вучобы ў школе, — адзін з найважнейшых абавязкаў перад Богам і Касцёлам, а таксама заахвоціў дзяцей і школьную моладзь пашыраць сваю веды пра Касцёл і паглыбляць веру праз заняткі па рэлігіі.
Пасля адмысловай малітвы, ксёндз Андрэй Кулік удзяліў бласлаўленне на новы навучальны і катэхетычны год, а дыякан Андрэй Януль шчодра акрапіў вадой дзяцей і школьныя прылады, якія яны прынеслі.


Жанна Закрэўская

31.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by