WYSIWYG Web Builder
Божае Цела, укрытае ў алтарах
22 чэрвеня пасля святой Імшы а 13-ай гадзіне адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Езуса Хрыста, якую мы адзначалі ў мінулы чацвер. Уславіць Хлеб вечнага жыцця праз супольную малітву сабраліся шматлікія вернікі.
Сёння ўрачыстасць Божага Цела ў першую чаргу асацыіруецца з трыумфальным шэсцем, падчас якога вернікі традыцыйна спыняюцца каля чатырох адмысловых алтароў, дзе чытаюцца ўрыўкі з Пісання. Гэтая лічба звязана з чатырма евангелістамі. Кожны з іх па-свойму гаворыць пра таямніцу Эўхарыстыі. Такім чынам мы глядзім на Пана, схаванага ў кавалку хлеба, вачыма апосталаў.

Па традыцыі ў нашай парафіі першы алтар рыхтавалі бацькі дзяцей, якія ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію, другі — чальцы Парафіяльнай рады, трэці — колы Жывога Ружанца, чацвёрты — удзельнікі Апостальства добрай смерці і Апостальства дапамогі душам чыстцовым.
Чатыры алтары сімвалізуюць тасама чатыры бакі свету. З аднаго боку мы публічна аддаём пашану Езусу, укрытаму ў Найсвяцейшым Сакраманце, з іншагазапрашаем Яго таксама ў свой дом, у сваё жыццё. Мы просім аб тым, каб блаславіў нас, каб асвячаў наша жыццё.

Урачыстае святкаванне Божага Цела яшчэ раз нагадвае праўду пра тое, што найпрыгажэйшая і найбольш годная манстранцыя для Хрыста — гэта жывое сэрца чалавека, а найпрыгажэйшая працэсія — гэта набліжэнне да Яго, кульмінацыяй якога становіцца сустрэча са Збаўцам у святой Камуніі.
На заканчэнне Літургіі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прычыніўся да ўрачыстай працэсіі. Найперш тым, хто рыхтаваў алтары. У ветранае надвор'е, якое выдалася ў гэтую нядзелю, усталяваць іх было не так лёгка.

Эўхарыстычная працэсія прайшла зладжана і прыгожа. У гэтым заслуга літургічнай службы алтара, кіраваў якой Эдуард Шэнда. Дзецьмі апекавалася катэхетка Наталля Гарноўская. Упрыгожыў урачыстую працэсію сваімі спевамі парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Яўгеніі Баговіч.

Жанна Закрэўская

22.06.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by