Адпустовыя ўрачыстасці ў Браславе
18 і 19 жніўня пад дэвізам «Марыя — ахоўніца згоды і супакою»  прайшлі адпустовыя ўрачыстасці ў Браславе. Ганаровым госцем свята стаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які 19 жніўня ўзначаліў святую Імшу а 11-ай гадзіне і прамовіў гамілію.
На ўрачыстасці прыбыло шмат вернікаў, святароў і кансэкраваных асобаў. Пешшу прыйшлі дзве пілігрымкі з Глыбокага і з Удзела. Праграма ўрачыстасцяў была разнастайная і насычаная, аднак надвор'е ўнесла пэўныя карэктывы. З-за бліскавіцы начной працэсіі па вуліцах горада з копіяй абраза не было, а ружанцовая малітва трывала ў касцёле.
Апоўначы адбылася святая Імша з удзелам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупа Алега Буткевіча і Апостальскага адміністратара грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека МІС. Узначаліў Эўхарыстыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Гамілію прамовіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яго Эксцэленцыя звярнуў увагу на тры моманты, дзякуючы якім Маці Божая Марыя носіць тытул Каралевы. Іерарх адзначыў, што заслуга Найсвяцейшай Панны Марыі заключаецца найперш ва ўменні слухаць слова Божае. Яна ўмела не проста слухаць, але была паслухмянай у прыняцці таго, што пачула. Згаджаючыся на Божую волю, Яна паказала таксама сваю пакору. Узнагародай за пакору стала нябеснае Валадарства.
Малітоўнае чуванне працягвалася да раніцы. Увесь час была магчымасць ачысціць сваё сэрца праз сакрамант пакаяння, запісаць інтэнцыі на святыя Імшы.

Браслаўскі фэст — гэта не толькі малітва, але магчымасць набыць рэлігійныя рэчы, сустрэць сяброў і знаёмых з розных куточкаў Беларусі, зрабіць фотаздымак ля копіі абраза Маці Божай Будслаўскай і набрацца сіл для духоўнага ўзрастання.
А 11-ай гадзіне распачалася галоўная святая Імша на палявым алтары, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі бралі ўдзел бікупы Алег Буткевіч, Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек МІС.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што Марыя Маці Божая, але яна належыць да чалавечага роду і таксама спазнала клопаты, якія перажывае кожная маці. Тым не менш, Яна дае нам прыклад бязмернага даверу і веры ў Езуса Хрыста. Марыя была жанчынай малітвы, а таму змагла пераадолець усе жыццёвыя выпрабаванні. Менавіта праз малітву Марыя паказала, што можна глядзець на гэты свет у пазітыўным святле, адмовіцца ад зла і выбіраць дабро. Таму і мы павінны шукаць сэнсу жыцця ў школе малітвы Марыі.
Пасля Эўхарыстыі Мітрапаліт, падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў Сусветных днях моладзі ў Лісабоне.

На заканчэнне ўрачыстасці біскуп Алег Буткевіч перад абразом Маці Божай Валадаркі Азёраў зачытаў Акт прысвячэння Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай.
Пасля Літургіі Іерарх падзякаваў прысутным за ўдзел у набажэнствах і запрасіў на свята на наступны год.  Урачыстасці ў Браславе плануюцца 23 і 24 жніўня і будуць прымеркаваныя да 25-годдзя заснавання Віцебскай дыяцэзіі і 15-годдзя каранацыі абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.

Жанна Закрэўская

19.08.2023
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by