WYSIWYG Web Builder
Урачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі азёраў прайшлі ў Браславе
21 і 22 жніўня ў Дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе прайшлі ўрачыстасці пад дэвізам: «Трываць з Марыяй — Славіць Бога — Будаваць Супакой». Ушанаваць Маці Божу Браслаўскую сабраліся шматлікія вернікі з розных куточкаў Беларусі. Ганаровым госцем свята стаў Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.
Пілігрымаў 21 жніўня апоўдні ля галоўнага ўваходу ў святыню віталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і пробашч парафіі Нараджэння Маці Божай у Браславе ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS, кусташ санктуарыя. Сто дваццаць пяць чалавек пад кіраўніцтвам ксяндза каноніка Мікалая Ціхановіча, сярод іх пяць святароў і сёстры законныя прыйшлі з Глыбокага. У складзе пілігрымкі былі вернікі з розных парафій дыяцэзіі, у тым ліку група пілігрымаў з Віцебска разам з канцлерам Курыі ксяндзом канонікам Віктарам Місевічам. Пятнаццаць пілігрымаў пад кіраўніцтвам айца Віктара Мялешкі OFMConv прайшлі 120 кіламетраў эстрэмальным пакутным шляхам з Удзела.

Акрамя дзвюх пешых, была яшчэ велапілігрымка з Міёр праз Ідолту, Друю і Слаботку. Адзінаццаць велапілігрымаў на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Андрэем Куліком за лічаныя гадзіны паспяхова пераадолелі шлях да санктуарыя.

А 19-ай гадзіне адбылася святая Імша з ўдзяленнем сакраманту канфірмацыі, якая распачалася з урачыстага ўваходу ў касцёл літургічнай службы, святароў і кандыдатаў да бежмавання. Эўхарыстычную цэлебрацыю ўзначаліў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
Падчас гаміліі іерарх заахвоціў кандыдатаў да канфірмацыі адкрыць свае сэрцы на дзеянне Духа Святога, а іх сведкам пажадаў быць годным прыкладам хрысціянскага жыцця. "Выконваць волю Айца — вось мэта нашага  жыцця" — запэўніў прамоўца, звяртаючыся да ўсіх удзельнікаў святой Імшы.

На заканчэнне Эўхарыстыі моладзь выказала словы ўдзячнасці біскупу Віцебскаму Алегу Буткевічу і дапаможнаму бiскупу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыю Касабуцкаму за ўдзелены сакрамант.

Малітоўнае чуванне працягнуў Акафіст у выкананні прадстаўнікоў Грэка-каталіцкай Царквы і Крыжовы шлях, які адбыўся на прыкасцёльнай тэрыторыі.
З наступленнем цемры, у храме перад цудадзейным абразом і выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі склалі свае просьбы і падзякі да Маці Божай. Затым адбылася працэсія са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза Валадаркі азёраў. Яе ўдзельнікі на чале з іерархамі прайшлі вуліцамі Браслава, разважаючы над таямніцамі Ружанца і ўслаўляючы Панну Марыю сваімі спевамі.
Цэлебрацыю святой Імшы апоўначы ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі. Падчас гаміліі ён заахвоціў наследваць Марыю, яе ўменне заўважаць патрэбу іншага чалавека, рабіць добрыя ўчынкі, не шукаючы асабістай выгоды. "Калі мы прабываем у святых месцах, такіх як Браслаўскі санктуарый, мы як губка набіраемся Божай ласкі, якая неабходная нам для збаўлення, таму варта не змарнаваць гэты дар у сваім жыцці" — падкрэсліў іерарх.
Аднаўленне сужэнскіх абяццанняў, якое адбылося суботняй раніцай у святыні, стала адметнасцю сёлетняга фэсту і, магчыма, новай традыцыяй. Каля пяцідзесяці сужэнскіх пар рознага ўзросту выказалі адно аднаму словы любові і прабачэння. Радасць, замілаванне, пяшчота і шчырая любоў чыталіся на тварах сужонкаў, якія ўрачыста аднавілі свае абяцанні.
Урачыстая святая Імша на алтары-караблі з удзелам Апостальскага Нунцыя стала кульмінацыяй фэсту ў гонар Маці Божай Браслаўскай. Разам з Апостальскім Нунцыем у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскупам Іньяцыё Чэффаліа ў Эўхарыстыі бралі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны бiскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі.

Пасля Эўхарыстыі арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа выказаў удзячнасць пілігрымам з Віцебскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, якія прыбылі ў санктуарый. Нунцый падкрэсліў, што "штогадовая пілігрымка, якая сёння завяршаецца — гэта не толькі знак пабожнасці, але духоўны шлях, які нагадвае нам, што вера расце, калі знаходзіцца ў руху".

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы заахвоціў берагчы прыгажосць хрысціянскай традыцыі: "Вяртаючыся да дому вазьміце з сабой ласку атрыманую сёння. Дазвольце, каб гэты санктуарый прамаўляў у цішыні вашага сэрца. Клапаціціся пра тое, каб вера не заставалася толькі звычаем але стала жыццём".

На завяршэнне ўрачыстасці арцыбіскуп перадаў прывітанне ад Святога Айца, Папы Льва XIV, і яго Апостальскае благаслаўленне.
Завяршылася набажэнства актам аддання Віцебскай дыяцэзіі пад апеку Маці Божай, які ўчыніў перад копіяй абраза Валадаркі азёраў ардынарый дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.

Жанна Закрэўская

22.08.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by