Урачыстасць у Будславе сабрала тысячы вернікаў
1 і 2 ліпеня пад дэвізам "Каралева супакою, маліся за нас" адбыўся Будслаўскі фэст, на які ў гэтым годзе сабраліся тысячы вернікаў з усёй Беларусі, у тым ліку пілігрымы, якія прыйшлі пешшу.  Насычаная праграма, высокі ўзровень арганізацыі, магчымасць памаліцца перад абразом Маці Божай — усё гэта спрыяла глыбокаму духоўнаму перажыванню ўрачыстасці. 
Да свята была праведзена значная работа па аднаўленні касцёла пасля пажару, які адбыўся 11 мая мінулага года. У святыні зроблены новы дах, але рамонтныя работы яшчэ не завершаны, таму да абраза можна было падыйсці толькі праз бакавыя навы.
У святыні таксама з'явіліся новыя месцы пакланення — гэта два вялізныя крыжы, якія зроблены з абгарэлых канструкцый даху касцёла. З глыбокай пашанай людзі кленчылі перад крыжамі, каб перапрасіць за грахі і падзякаваць Пану Богу за тое, што ўратаваў санктуарый і абраз Маці Божай ад знішчэння. Святыня яшчэ патрабуе значных работ, таму ў вернікаў была магчымасць скласці ахвяраванні на аднаўленне базылікі і атрымаць адмысловыя рэліквіі.
На працягу ўсяго свята працаваў традыцыйны Будслаўскі кірмаш, на якім можна было набыць рэлігійную літаратуру, календары на новы год і іншыя рэлігійныя рэчы. Выдавецтва "ПРО ХРЫСТО" прэзентавала пятае выданне малітоўніка "Ойча наш", якое дапоўнілася новымі малітвамі, літаніямі, песнямі, а ў намёце газеты "Каталіцкі Веснік", можна было аформіць падпіску на выданне.
На працягу ўрачыстасцяў была магчымасць споведзі, як у касцёле, так і на вуліцы на спецыяльнай пляцоўцы.
Адным з хвалюючых і  найбольш прыгожых момантаў свята стала начная працэсія са свечкамі з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай.
Цэлебрацыю святой Імшы апоўначы ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Разам з прадстаўніком Папы Францішка ў нашай краіне маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які толькі вярнуўся з Рыма, дзе атрымаў з рук Святога Айца палій Мітрапаліта, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскупы Юрый Касабуцкі і Казімір Велікаселец, больш за сто святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў і тысячы вернікаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы. У сваёй гаміліі Апостальскі нунцый звянуў увагу на шанаванне годнасці чалавечага жыцця і на важнасць захавання супакою, не толькі ў свеце але і ў сэрцы кожнага чалавека.
2 ліпеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай, цэлебрацыю галоўнай святой Імшы фэсту ў Будславе ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by