Урачыстасці ў Будславе
30 чэрвеня і 1 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза прайшлі ўрачыстасці пад дэвізам «Марыя — Каралева Беларусі». Сёлета ў Будслаў пешкі і на роварах прыбылі 1862 пілігрымы. Шырокая малітоўная праграма спрыяла глыбокаму духоўнаму перажыванню свята. 
Малітоўнае чуванне распачалося 30 чэрвеня а 18-ай гадзіне святой Імшой для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы і Марыйныя нешпары прадоўжылі малітву праслаўлення Маці Божай. Затым адбыўся Крыжовы шлях.

Тэматычную канферэнцыю «Каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай» правёў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.
На працягу ўсяго свята працаваў традыцыйны Будслаўскі кірмаш, на якім можна было набыць рэлігійную літаратуру, календары на наступны год, свечкі на начную працэсію і іншыя рэлігійныя рэчы. У намётах выдавецтва "ПРО ХРЫСТО"  прадставілі кнігу пра абраз Маці Божай Будслаўскай "Апякунка Беларусі", а таксама каляндар на 2024 год, прысвечаны Марыйным абразам.
Пілігрымы, якія прыбылі на свята, спяшаліся схіліць свае калені перад Маці Божай і выказаць ёй свае просьбы і падзякі. Жадаючых трапіць у святыню перад святой Імшой апоўначы было вельмі шмат, нават існавала чарга.
За паўгадзіны да апоўначы адбылася традыцыйная працэсія са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза, каранаванага 25 гадоў таму кардыналам Казімірам Свёнткам па распараджэнні святога айца Яна Паўла ІІ.
Цэлебрацыю святой Імшы апоўначы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі прынялі ўдзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Юрый Касабуцкі, Казімір Велікаселец, Аляксандр Яшэўскі і Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, а таксама больш за 80 святароў лацінскага і ўсходняга абрадаў і тысячы вернікаў з розных мясцін Беларусі і з-за мяжы.

Напрыканцы Імшы прадстаўнікі майстэрні па пашыве літургічнага адзення SACRIS VESTIBUS падаравалі Будслаўскаму санктуарыю адмысловы арнат.
Другі дзень урачыстасцяў быў таксама насычаны на падзеі.

Нягледзячы на дажджлівае надвор'е раніцай, у Будслаў прыбывалі ўсё новыя пілігрымы, сярод іх прадстаўнікі ўлады, дыпламатычных місій, кіраўнікі іншых рэлігійных канфесій. Галоўным госцем свята стаў Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, якога Папа Францішак прызначыў сваім Спецыяльным пасланнікам на ўрачыстасцях у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з нагоды 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Апякункі Беларусі.
З нагоды сярэбранага юбілею каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай у нашай краіне выпушчана адмысловая марка, спецыяльнае памятнае гашэнне якой адбылося з удзелам арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці.
А 11-ай гадзіне распачалася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў Папскі легат. У цэлебрацыі Эўхарыстыі прыняў удзел Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Пасля Літургіі адбылася Эўхарыстычная працэсія, якая завяршыла ўрачыстасці. У знак удзячнасці за ўдзел ва ўрачыстасцях і на ўспамін аб Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці была падаравана копія абраза Маці Божай Будслаўскай.

Жанна Закрэўская, фота аўтара і Алены Бобр
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by