WYSIWYG Web Builder
Урачыстасці ў Будславе
Будслаўскі фэст распачаўся 4 ліпеня а 18-ай гадзіне святой Імшой для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Андрэй Зноска, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі, а завяршыўся 5 ліпеня прысвячэннем Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якая тэрытарыяльна ахоплівае ўсю Беларусь, Беззаганнаму Сэрцу Марыі і Божай Міласэрнасці.
Будслаў штогод збірае вялікую колькасць вернікаў. Тут заўсёды пануе любоў і радасць. Радасць ад сустрэчы са сваімі знаёмымі, з якімі пасябраваў раней у пілігрымках або на рэлігійных сустрэчах. Радасць ад таго, што такая вялікая колькасць дзяцей, моладзі і маладых сем'яў збіраецца ля абраза Маці Божай Будслаўскай.
Падчас гаміліі на святой Імшой для пілігрымаў, наймалодшы біскуп Беларускага епіскапату Андрэй Зноска заахвоціў задумацца над шэрагам пытанняў: Што мы прынеслі з сабой у заплечніках у Будслаў? Ці ўзялі з сабой тых, што прасіў нас аб малітве, каго мы любім і за каго перажываем? Ці ўзялі з сабой камень страху, крыўды, нянавісці, граху, каб пакінуць яго тут, ачысціўшы сэрца праз сакрамант пакаяння. І самае галоўнае, праз шэраг клопатаў і абавязкаў, ці не забыліся ўзяць саміх сябе, каб пабыць сам-насам з Панам Богам і Яго Маці?

"Будслаў — гэта месца, якое выбраў Бог. Тут неба бліжэй да зямлі" — падкрэсліў іерарх.
У ходзе Эўхарыстычнай літургіі пілігрымы прынеслі ў дар традыцыйныя і адмысловыя рэчы: жывых галубоў, як сімвал Духа Святога, якар, агонь, паветраны шар у выглядзе сэрца, скрутак са словамі з Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў "Збаўленыя праз надзею" Рым. 8,24, кветкі і эўхарыстычныя хлеб і віно.
Пасля завяршэння Эўхарыстыі вернікі радасна віталі святароў і біскупаў, якія вярталіся ў працэсіі з Вячэры Пана. Яны працягвалі свае далоні, каб дакрануцца да рук святароў і падзяліцца цяплом сваёй душы.
Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы і Марыйныя нешпары прадоўжылі малітву праслаўлення Маці Божай. Крыжовы шлях правялі айцы Кармэліты Босыя.

За паўгадзіны да апоўначы адбылася традыцыйная працэсія са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза.
Цэлебрацыю святой Імшы апоўначы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. У Эўхарыстыі бралі ўдзел  Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны бiскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец, ардынарый дыяцэзіі святога Клеменса ў Саратаве біскуп Клеменс Піккель, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары, кансэкраваныя асобы і вернікі.
Другі дзень урачыстасцяў быў таксама насычаны: адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, Фацімскі ружанец з Актам прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі Мінска-Магілёўскай мітраполіі, тэматычная канферэнцыя: «Беззаганнае Зачацце: юбілей 170-годдзя догмату». Працаваў традыцыйны Будслаўскі кірмаш.

У 11.30 адбылася галоўная святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

Пасля Эўхарыстыі, стоячы на каленях перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам, у прысутнасці Апостальскага нунцыя, беларускіх іерархаў, святароў, кансэкраваных асоб і вернікаў, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі здзейсніў прысвячэнне Касцёла на Беларусі Божай Міласэрнасці.

Жанна Закрэўская

05.07.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by