WYSIWYG Web Builder
Урачыстасці ў Будславе
Будслаўскі фэст распачаўся 3 ліпеня а 18-ай гадзіне святой Імшой для пілігрымаў, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а завяршыўся 4 ліпеня прысвячэннем Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якая тэрытарыяльна ахоплівае ўсю Беларусь, Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.
Будслаў штогод збірае вялікую колькасць вернікаў не толькі з Беларусі але і замежжа. Тут заўсёды пануе  радасць і супакой. Радасць ад сустрэчы са сваімі знаёмымі, з якімі пасябраваў раней у пілігрымках або на рэлігійных сустрэчах. Радасць ад таго, што такая вялікая колькасць дзяцей, моладзі і маладых сем'яў збіраецца ля абраза Маці Божай Будслаўскай.
Падчас гаміліі на святой Імшой для пілігрымаў, біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуў увагу на дэвіз сёлетняга Будслаўскага фэсту: «Богу — хвала, Марыі — давер, Касцёлу — вернасць». Прамоўца акрэсліў гэтыя словы як дарогу, па якой маюць ісці вызнаўцы Хрыста, а асабліва каталіцкая моладзь Беларусі. Іерарх падкрэсліў, што менавіта ім Бог давярае будучыню сваёй супольнасці, а яны, рэалізуючы гэты заклік, павінны зрабіць сваё духоўнае жыццё моцным, «як дом, пабудаваны на скале, пра які кажа Евангелле» (пар. Мц 7, 24-25).

Асаблівую ўвагу старшыня камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў звярнуў на дар паклікання, падкрэсліўшы выключную ролю святарства для збаўлення кожнага чалавека. Святарства, паводле біскупа Яшэўскага, — гэта «найвышэйшае духоўнае ратавальніцтва», у якім Хрыстус не забірае ў чалавека маладосць, прыгажосць і радасць, а наадварот, напаўняе яго сваёй моцай. Касцёл перажывае зараз недахоп святароў, таму пастыр заклікаў маладых людзей, якія пачулі заклік Пана служыць Яму ў святарстве, быць адважнымі і адгукнуцца на голас Божага паклікання.
Пасля завяршэння Эўхарыстыі вернікі радасна віталі святароў і біскупаў, якія вярталіся ў працэсіі з Вячэры Пана. Яны працягвалі свае далоні, каб дакрануцца да рук святароў і падзяліцца цяплом сваёй душы.
Далейшую малітоўную праграму прадоўжыў Акафіст у выкананні хору Грэка-Каталіцкай Царквы і Крыжовы шлях, які правялі айцы Кармэліты Босыя.

Сёлета Каталіцкі Касцёл адзначае Год святога Францішка, які прымеркаваны да 800-годдзя яго смерці. З гэтай нагоды айцы францішкане падрыхтавалі цікавую і змястоўную праграму «Моладзь да моладзі са святым Францішкам Асізскім», якая завяршылася бласлаўленнем прысутных рэліквіямі святога Францішка.
Традыцыйная працэсія са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза папярэднічала святой Імшы апоўначы, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп эмэрыт Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч — «волаты веры» Касцёла ў Беларусі. Менавіта так іх назваў біскуп Аляксандар Яшэўскі SDB у прамоўленай гаміліі падчас Імшы з удзелам пілігрымаў, узгадваючы 35-годдзе аднаўлення касцёльных структур на Беларусі. Гэтыя словы ў адрас тых, хто быў сведкам пераследу веры ў савецкія часы і яе адраджэння, пачынаючы з 90-х гадоў XX стагоддзя, з'яўляюцца найбольш трапнымі.
На пачатку Эўхарыстыі беларускіх каталіцкіх іерархаў і ўсіх прысутных прывітаў Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Ён нагадаў, што ў 1991 годзе святы Ян Павел ІІ аднавіў Пінскую дыяцэзію ў яе новых межах, з Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ўтварыў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, з якой у 1999 годзе вылучыў Віцебскую дыяцэзію, а таксама стварыў новую Гродзенскую дыяцэзію. Затым арцыпастыр словамі падзякі адзначыў святароў, якія 35 год таму арганізавалі першыя пешыя пілігрымкі да Маці Божай Будслаўскай.

Гамілію прамовіў біскуп Аляксандар Кашкевіч. Іерарх заахвоціў паразважаць над гімнам Magnificat — «Велічае душа мая Пана», засяродзіўшы ўвагу на двух яго матывах: кантрасце таго, як Бог ацэньвае чалавека і як гэта робіць чалавек па сваіх катэгорыях і перакананасці ў тым, што Бог верны сваім абацанням.
Падчас урачыстасцяў у Будславе адбылося адкрыццё касцёльнага музея пад назвай «Крокі веры», а таксама прэзентацыя першага агульнабеларускага афіцыйнага каталіцкага спеўніка «Божа, мы Цябе ўслаўляем» — дар Касцёлу да 35-годдзя аднаўлення яго структур. Спеўнік ахвотныя мелі магчымасць набыць на традыцыйным Будслаўскім кірмашы.

Завяршыліся ўрачыстасці 4 ліпеня галоўнай святай Імшой і Эўхарыстычнай працэсіяй.

Жанна Закрэўская

04.07.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by