На ўрачыстай святой Імшы прысутнічалі дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які роўна праз тыдзень будзе адзначаць таксама гэтую памятную дату, апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Падчас гаміліі, якую прамовіў біскуп Юрый, іерарх паразважаў пра дар, які мае Віцебская дыяцэзіі – пра дар ардынарыя, які ў дадзены момант кіруе ёй.
«Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў». Біскуп Юрый паразважаў над гэтымі словамі ў перспектыве чытання з кнігі Самуэля, калі натхнёны аўтар распавядае пра выбар караля Давіда. «Чалавек бачыць па-свойму, Бог бачыць інакш, чалавек бачыць тое, што вонкавае, Бог пранікае сэрца чалавека», — падкрэсліў прамоўца і прыгадаў пра справу выбара 10 год таму новых біскупаў для Беларусі. «Нам цяжка сказаць, чаму быў такі выбар. <…> Нам было не зразумела, чаму менавіта нас Папа Францішак выбраў, чаму менавіта так усё адбываецца. Але Бог ужо тады хацеў паставіць пробашча парафіі святога Антонія ў Віцебску Алега Буткевіча біскупам Віцебскай дыяцэзіі. І, напэўна, выбраў яго яшчэ раней, калі мама і тата за ручку вадзілі ў касцёл. Але Бог праяўляе сваю мудрасць і адразу не раскрывае ўсе таямніцы. Бо калі б такі маладзенькі хлопчык даведаўся, што Бог ускладзе на яго плечы нясенне крыжа — быць біскупам, кіравання дыяцэзіяй, то напэўна чалавек адказаў: “Пане Божа, не! Я нават у семінарыю не пайду”».