Нядзельная святая Імша: касцёльны абавязак ці радасная сустрэча з Панам?
Каталіцкі Касцёл наказвае вернікам у нядзелю і прадпісаныя святы ўдзельнічаць у Эўхарыстыі, аднак у сучасным свеце ўсё больш людзей сцвярджае, што не важна хадзіць на святую Імшу, дастаткова быць добрымі, любіць бліжняга, а маліцца можна і дома. Што ж страчвае той, хто жыве без Эўхарыстыі?
Найсвяцейшая Эўхарыстыя з’яўляецца апошнім з сакрамантаў хрысціянскай ініцыяцыі. Чалавек, стаўшы праз сакрамант хросту Божым дзіцем, умацаваны сакрамантам канфірмацыі, удзельнічае ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі — найвялікшым Божым дары для ўсяго чалавецтва, бо менавіта ў гэтым сакраманце рэальна прысутнічае сам наш Збаўца — Езус  Хрыстус.

Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen gentium Другога Ватыканскага Сабору гаворыць, што Эўхарыстыя з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю касцёльнага жыцця. Каб добра зразумець гэтыя словы, трэба ўсвядоміць, што ўсе іншыя сакраманты, усе іншыя віды касцёльнай паслугі, апостальская праца Касцёла — усё гэта звязана з Эўхарыстыяй і імкнецца да яе. Сапраўды, удзяленне сакрамантаў хросту, канфірмацыі, сужэнства, святарства, асвячэнне новага касцёла, капліцы, благаслаўленне плёнаў чалавечай працы і г.д. — усё гэта найчасцей звязана з цэлебрацыяй святой Імшы.

Сакрамант Найсвяцейшай Эўхарыстыі вельмі багаты па сваім змесце, таму натуральна, што існуе некалькі яго назваў — ён называецца Найсвяцейшай Эўхарыстыяй (па-грэцку «эўхарыстыя» — гэта «падзяка»), бо гэты сакрамант з’яўляецца падзякаю Богу за Яго незлічоныя справы; называецца ён таксама Вячэраю Пана, таму што быў устаноўлены Езусам падчас Яго Апошняй Вячэры са сваімі вучнямі, і Езус наказаў чыніць гэта ў памяць аб Ім; называецца таксама ламаннем хлеба, бо менавіта гэты характэрны абрад юдэйскай вячэры быў выбраны Хрыстом на Апошняй Вячэры — гэты абрад быў настолькі  вядомы вучням, што менавіта па ламанні хлеба яны распазналі ўваскрослага Езуса па дарозе ў Эмаўс; называецца таксама Эўхарыстычным Сходам, бо Эўхарыстыя заўсёды (нават калі святар цэлебруе адзін) здзяйсняецца ў Касцёле — сходзе веруючых; называецца святой Ахвяраю, таму што яна актуалізуе адну адзіную ахвяру Хрыста і ўключае ў яе ахвяру Касцёла; называецца таксама святой Божай літургіяй, бо, як мы ўжо казалі, менавіта здзяйсненне сакраманту Эўхарыстыі з’яўляецца крыніцаю і вяршыняю ўсяго касцёльнага жыцця; яго называюць таксама Найсвяцейшым Сакрамантам, Камуніяй, таму што праз гэты сакрамант мы злучаемся з Хрыстом, каб быць з Ім адным целам. І нарэшце, у практыцы лацінскага Касцёла мы часта ўжываем тэрмін святая Імша, бо літургія, падчас якой здзяйсняецца гэты Найсвяцейшы Сакрамант, заканчваецца рассыланнем вернікаў з місіяй абвяшчэння гэтай вялікай таямніцы. Як мы бачым, гэты сакрамант можна называць па­рознаму, і ніякая з гэтых назваў не з’яўляецца памылковаю, бо кожная з іх падкрэслівае адзін з аспектаў гэтага найвялікшага сакраманту.

У адным з ключавых дакументаў сучаснага Каталіцкага Касцёла, апостальскай адгартацыі «Sacramentum Caritatis», выдадзенай Папам Бенедыктам XVI 22 лютага 2007 года, разглядаецца глыбокае значэнне Эўхарыстыі для вернікаў і для жыцця Касцёла ў цэлым. У гэтым дакуменце Папа падкрэслівае, што Эўхарыстыя – гэта не проста сакрамант, а сапраўдная сустрэча з Хрыстом, які прысутнічае ў хлебе і віне, і гэтая прысутнасць з’яўляецца цэнтрам хрысціянскага жыцця.

У першай частцы, якая мае назву «Эўхарыстыя і хрысціянскае ўтаямнічанне», Папа Бенедыкт XVI адзначае, што Эўхарыстыя з’яўляецца «крыніцай і вяршыняй» усяго хрысціянскага жыцця, што з Эўхарыстыі вынікаюць усе іншыя сакраманты, і яна з’яўляецца асновай для духоўнага росту вернікаў. Папа заклікае вернікаў глыбей усвядоміць важнасць Эўхарыстыі, якая не толькі дае ім сілу для штодзённага жыцця, але і з’яўляецца знакам еднасці Касцёла. У гэтым кантэксце ён падкрэслівае, што ўдзел у Эўхарыстыі патрабуе ад вернікаў адпаведнай духоўнай падрыхтоўкі, уключаючы споведзь, малітву і разважанне над Божым словам.

У дакуменце таксама разглядаецца сувязь паміж Эўхарыстыяй і Касцёлам. Папа адзначае, што Эўхарыстыя з’яўляецца знакам еднасці не толькі паміж вернікамі, але і паміж усім Касцёлам, які складаецца з розных культур і народаў. Ён заклікае да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла, падкрэсліваючы, што Эўхарыстыя павінна быць цэнтрам не толькі асабістага, але і супольнага жыцця вернікаў. Папа заклікае вернікаў да стварэння супольнасцяў, дзе Эўхарыстыя будзе святкавацца з любоўю і пашанай.

Папа Бенедыкт XVI таксама акцэнтуе ўвагу на важнасці літургічнага навучання. Ён падкрэслівае, што святары і вернікі павінны быць уважлівымі і свядомымі падчас літургіі, каб Эўхарыстыя стала сапраўдным святам веры. Папа заклікае да аднаўлення літургічнай практыкі, уключаючы правільнае разуменне і выкананне літургійных дзеянняў, каб яны адлюстроўвалі глыбіню і веліч сакраманту.

У дакуменце таксама разглядаюцца пытанні, звязаныя з сучаснымі выклікамі, якія стаяць перад Касцёлам. Папа заклікае вернікаў быць сведкамі Хрыста ў свеце, асабліва ў час, калі многія людзі адчуваюць адчужэнне і недавер. Ён падкрэслівае, што Эўхарыстыя павінна быць крыніцай сілы і натхнення для вернікаў, каб яны маглі несці Божую любоў і міласэрнасць у свет.

У заключэнні дакумента Папа Бенедыкт XVI заклікае ўсіх вернікаў да глыбокага пераасэнсавання значэння Эўхарыстыі ў іх жыцці. Ён падкрэслівае, што Эўхарыстыя – гэта не толькі асабісты досвед, але і супольная падзея, якая павінна аб’ядноўваць вернікаў у адно цела Хрыста. «Sacramentum Caritatis» з’яўляецца заклікам да аднаўлення веры і духоўнага жыцця праз сакрамант Эўхарыстыі, які з’яўляецца асновай хрысціянскага існавання. Папа заклікае вернікаў адкрыць свае сэрцы для Хрыста, які прысутнічае ў Эўхарыстыі, і дазволіць Яму кіраваць сваім жыццём: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20).

У 2017 годзе, падчас цыклу катэхез, Папа Францішак асаблівую ўвагу звярнуў на нядзельную Эўхарыстыю. «Што гэта за нядзеля для хрысціяніна без сустрэчы з Панам? З самага пачатку гэта зразумелі вучні Езуса, якія цэлебравалі Эўхарыстычную Сустрэчу з Панам у дзень, які яўрэі называлі “першым днём тыдня”, а рымляне “днём сонца”. У гэты дзень Езус уваскрос і аб’явіўся вучням, размаўляючы з імі, спажываючы з імі ежу, дорачы ім Святога Духа.

Таксама вялікае спасланне Святога Духа адбылося ў нядзелю, на пяцідзясяты дзень пасля ўваскрасення Езуса. Таму менавіта нядзеля — гэта святы дзень для нас, асвечаны эўхарыстычнай цэлебрацыяй, жывой прысутнасцю Пана паміж намі і для нас. Менавіта святая Імша робіць нядзелю хрысціянскай!»
— сказаў Папа.

«Некаторыя секулярызаваныя грамадствы згубілі хрысціянскі сэнс нядзелі, асвечанай Эўхарыстыяй. Гэта грэх. У іх неабходна ажывіць гэту свядомасць, аднавіць значэнне свята — не губляць значэння свята, — значэнне радасці, парафіяльнай супольнасці, салідарнасці, адпачынку, які ўмацоўвае душу і цела.

Настаўніцай усіх гэтых каштоўнасцяў з’яўляецца Эўхарыстыя, з нядзелі ў нядзелю. Таму Другі Ватыканскі Сабор пажадаў сцвердзіць, што “нядзеля – гэта першасны святочны дзень, і яго трэба так падкрэсліваць і прадстаўляць пабожнасці вернікаў, каб ён стаў таксама днём радасці і адпачынку ад працы»
, — працытаваў Папа саборную Канстытуцыю аб літургіі Sacrosanctum Concilium.

Такім чынам той, хто адмаўляецца ад удзелу ў святой Імшы, адмаўляецца ад духоўнай падтрымкі, якая прысутнічае ў святой Камуніі, ад рэлігійнага ўзрастання праз слуханне Божага Слова, ад прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла і ў рэшце ад Езуса Хрыста, які ў Вялікі чацвер сам ўстанавіў сакрамант Эўхарыстыі.

Паводле сайтаў Ave Maria, Kasciolhomiel, Catholic.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by