Праз хрышчэнне мы вызваляемся ад граху і адраджаемся як дзеці Божыя, становімся членамі Хрыста, а таксама ўкараняемся ў Касцёл і становімся ўдзельнікамі яго місіі: «Хрост ёсць сакрамантам адраджэння праз ваду і ў слове» (параўн. ККК 1213). Сам Езус Хрыстус навучае, што хрост неабходны для збаўлення, таму, узыходзячы да Айца, Ён пакінуў сваім вучням наказ: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19). Такім чынам, хрост неабходны для збаўлення тым, каму было абвешчана Евангелле і хто меў магчымасць папрасіць аб удзяленні гэтага сакраманту.
Сакрамант хросту вельмі прыгожы і ўрачысты. Кожны элемент абраду нясе ў сабе пэўны вельмі важны сэнс. Цэлебрацыя хросту пачынаецца знакам крыжа, які азначае пячатку Хрыста на тым, хто будзе Яму належаць, і ласку адкуплення, якую Хрыстус набыў для нас сваёй смерцю на Крыжы.