"Святыня над возерам" - пад такой назвай у канцы чэрвеня ў выдавецтве "Капітал Прынт" выйшла кніга мясцовага краязнаўцы Вітольда Антонавіча Ермалёнка.
У кнізе аўтар на аснове архіўных і гістарычных крыніц распавядае аб гісторыі касцёла ў Міёрах ад пачатку ўзнікнення каталіцкай святыні і парафіі да 2020 года. Упершыню змешчана падрабязнае апісанне гісторыі змянення аблічча драўлянай святыні, будаўніцтва мураванага храма, біяграфіі многіх святароў, якія зрабілі значны ўклад у развіццё парафіі і аздабленне храма. Кніга зацікавіць не толькі вернікаў-католікаў мёрскай парафіі, але і ўсіх, хто дбае пра гісторыю Міёршчыны, імкнецца даведацца больш аб самым адметным гістарычным помніку ў горадзе Міёры.
Кніга надрукавана на асабістыя грошы аўтара і прысвечана святой памяці яго маці Ермалёнак Барбары Адамаўны.
У прадмове да кнігі Вітольд Антонавіч выказвае шчырую падзяку журналісту Алене Басікірскай і бібліятэкару Дзіяне Варона за дапамогу ў падрыхтоўцы кнігі да выдання, а таксама былому пробашчу Крыштафу Мянкіна, даследчыку з Віцебска Анатолю Якаўлеву, карэспандэнту раённай газеты Вользе Вішнеўскай, складальніку летапісу касцёла Жанне Закрэўскай за прадстаўленыя матэрыялы для напісання кнігі.
Набыць кнігу можна ў кіёску святыні.
Жанна Закрэўская
23.07.2020