Ушанаванне Крыжа Збаўцы ў Вялікую пятніцу — сапраўды не можа не кранаць. Але як жа мала гэтае ўшанаванне адлюстроўвае нашу рэальную духоўнасць, якая вымяраецца толькі пасапраўднаму шчырай і бескарыслівай любоўю да Бога і людзей! І тут, можна сказаць, мы сустракаемся з парадоксам людскіх адносін да Бога: "Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго; а той, хто ненавідзіць жыццё сваё на гэтым свеце, захавае яго для вечнага жыцця." (Ян 12, 25) Спытаем сябе: "Ці настолькі мы хрысціяне, каб да канца зразумець сутнасць гэтай новай дамовы, гэты новы запавет Бога?"
Жыццё спяшаецца. Крок за крокам мы ўсё набліжаемся да перамогі вечнасці. Балюча будзе перад парогам, калі зразумеем, што мы былі вельмі і вельмі далёкія ад таго жыцця, якое павінны былі пражыць. Бо занадта часта наш эгаізм, нашы звычкі, запал нашэптваюць нам пра нашу немагчымасць наблізіцца да Бога. Вельмі часта мы супакойваем сябе: "Я і так лепшы за іншых, больш малюся, у пост не ем скаромнага". Так і ідзём па жыцці, закалыхваючы сябе пахвалой і не заўважаючы, як усё далей і далей аддаляемся ад шляху, наканаванага нам Богам, ад шляху збаўлення.
Будзем жа памятаць, што Хрыстос па-сапраўднаму ацэніць нашу палавінчатасць, нашу няшчырасць і нерашучасць. Нібы засцерагаючы ад лішняй самаўпэўненасці, ад павярхоўнай святасці, ад залішне высокай ацэнкі сябе. Святое Евангелле нагадвае нам: "Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён". (Ян 12, 24)