WYSIWYG Web Builder
Крыжовы шлях — дарога збаўлення
Адмысловым набажэнствам, якое традыцыйна адбываецца падчас Вялікага посту, з'яўляецца Крыжовы шлях. Мэта набажэнства: ажыўленне веры і апостальства, фармаванне паставы хрысціянскага пакаяння, ахвярнасці і ўдзячнасці. Гэтае набажэнства – своеасаблівая рэвізія жыцця, пашыраны рахунах сумлення.
Гісторыя набажэнства Крыжовага шляху сягае да першых пакаленняў хрысціянаў, якія з глыбокай пабожнасцю ўшаноўвалі падзеі і месцы, звязаныя з жыццём, мукай, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста. Першы пісьмовы ўспамін аб правядзенні «балеснага шляху» знойдзены ў 1228 г., хоць вядома, што працэсіі, прысвечаныя муцы Хрыста, праводзіліся ўжо ў VIII ст. Але толькі ў канцы XVIII ст. канчаткова была ўстаноўлена колькасць стацый і іх чарговасць. Назва Пакутная дарога (лац. Via Dolorosa), або Крыжовы шлях (Крыжовая дарога) была ўведзена ў 1458г. 

Набажэнства Крыжовага шляху – гэта своеасаблівая медытацыя Мукі Хрыста, спалучаная з сімвалічным шляхам унутры святыні або на вуліцы. Гэты шлях вызначаюць 14 сумных падзеяў (калі Езус нёс крыж з месца асуджэння ад прэторыі Пілата да месца ўкрыжавання на Галгоце), якія называюць стацыямі. За пабожны ўдзел у набажэнствах Крыжовага шляху, пры выкананні агульных умоў (быць у стане асвячальнай ласкі, прыняць Святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца), кожны вернік можа атрымаць адпуст. Але пры ўмове, што ўдзельнічае ў ім там, дзе закладзена Крыжовая дарога са стацыямі (касцёл, Кальварыя і г.д.). Падчас Крыжовага шляху важна не толькі чытаць прыпынкі мукі Пана Езуса, але і разважаць над імі. Варта таксама пераходзіць ад прыпынку да прыпынку, калі ёсць магчымасць, а не стаяць на месцы.
Першая Крыжовая дарога ў гэтым годзе ў нашай парафіі адбылася 20 лютага. Распачынаючы Крыжовы шлях, дыякан Антон Тышко заахвоціў ахвяраваць яго не толькі ва ўласных інтэнцыях, але таксама за парафію і ўсіх тых, хто патрабуе духоўнай падтрымкі.

Шляхам Хрыста ад стацыі да стацыі крочылі разам вернікі рознага ўзросту: дзеці, міністранты, моладзь, людзі старэйшага пакалення. Спяваючы старадаўні тэкст-разважанне і ўглядаючыся ў выявы стацый Крыжовага шляху, яны імкнуліся перажыць і глыбей зразумець сэнс Мукі Пана.
Вялікі пост толькі распачаўся. Заахвочваем вернікаў да ўдзелу ў набажэнствах Крыжовага шляху, якае ў нашае парафіі адбываецца кожную пятніцу а 18-ай гадзіне.

Пан Езус гаварыў св. Фаўстыне: “Адна гадзіна разважання маёй балючай мукі мае большую заслугу, чым цэлы год бічавання сябе ажно да крыві, разважанне маіх балючых ран з’яўляецца для цябе вялікай карысцю, а мне прыносіць вялікую радасць” (Дз. 369).

Разважанне мукі Пана – гэта, паводле св. Тамаша з Аквіну, “школа ўсякіх цнотаў”. Набажэнства Крыжовага шляху з’яўляецца вельмі дабратворнай, дзейснай і прыемнай Богу практыкай. Яно ўзгадвае нам аб велічы нашай бессмяротнай душы, для якой Збаўца ў страшэнных пакутах аддае сваё жыццё. Яно адкрывае неспазнаную бязмежную любоў, дабрыню і міласэрнасць Бога, які для таго, каб выратаваць чалавека, не шкадуе ахвяры.


Жанна Закрэўская

20.02.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by