WYSIWYG Web Builder
У Друі адбыўся парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай
2 жніўня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі адзначылі парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Анёльскай. Урачыстую Літургію цэлебраваў дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік. Адметнасцю сёлетняга фэсту стала музычная гасцёўня, якая адбылася пасля святой Імшы.
Успамін Маці Божай Анёльскай зараз адсутнічае ў літургічным календары, але народная традыцыя, якая звязана з гісторыяй друйскага касцёла, моцна трывае і сёння.

У гаміліі пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч нагадаў гісторыю свята Маці Божай Анёльскай, якое бярэ пачатак у ХІІІ стагоддзі, і звязана з асобай святога Францішка і маленькай капліцай Парцюнкула, размешчанай у ваколіцах Асізі. Паводле традыцыі, аднойчы Францішак убачыў у капліцы Пана Езуса і Марыю ў атачэнні анёлаў. Падчас візіі, адказваючы на просьбу святога Францішка, Хрыстус паабяцаў поўны адпуст для ўсіх, хто пасля споведзі і прыняцця святой Камуніі наведае гэтую капліцу. Праз пэўны час гэту прывілею зацвердзіў Папа Ганорый ІІІ. З таго часу культ
Маці Божай Анёльскай паступова пашыраўся і быў найбольш цесна звязаны з дзейнасцю францішканскай сям'і.

Касцёл і кляштар у Друі былі пабудаваныя для бернардынаў (адгалінаванне францішканаў), таму Маці Божая Анёльская асабліва шануецца на гэтых землях. На заканчэнне гаміліі святар заахвоціў не марнаваць ласкі, якія атрымоўваем ад Бога, але праз пасрэдніцтва Маці Божай Анёльскай прымаць з радасцю і памнажаць іх на Хвалу Пана.
Пасля ўрачыстай Літургіі свята прадоўжыла музычная гасцёўня. У выкананні капэлы Алёны Мялешкі прагучалі найгрышы і старадаўнія танцавальныя мелодыі. Полька, кракавяк, падыспань, гапак гучалі так заўзята, што ногі самі ішлі ў скокі.

Для самадзейных артыстаў з Мінска беларуская народная музыка — гэта захапленне, якому яны прысвячаюць вольны ад асноўнага месца працы час. Толькі кіраўнік капэлы — Алёна Мялешка, мае класічную музычную адукацыю, пры гэтым традыцыйнай ігры на скрыпцы яна вучылася ў знакамітага беларускага этнографа і музыканта Алеся Лася. У рэпертуары капэлы ёсць яго кампазіцыі, а таксама традыцыйная беларуская танцавальная музыка.
Гледачы з захапленнем слухалі музыкаў, заўзята пляскаючы ў далоні, а дзеці раз-пораз нават кідаліся танчыць. Дзякуючы музычнай праграме, вернікі змаглі далучыцца да культурнай спадчыны нашых продкаў, праслаўляючы Пана Бога і Яго Маці не толькі малітвай, але шчырай радасцю і добрым настроем.

Жанна Закрэўская

03.08.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by