WYSIWYG Web Builder
Праз кнігу — да духоўнасці
Перажываем перыяд Вялікага посту — час, калі мы рыхтуемся да найважнейшай падзеі літургічнага года — Змёртвыхпаўстання Хрыста. Мы пастаянна чуем пра тое, што не марнуючы час трэба імкнуцца да духоўнага росту. Але як гэта зрабіць? Паглыбленню веры і духоўнаму ўзрастанню спрыяе чытанне рэлігійнай літаратуры.
Духоўная літаратура можа стаць добрым дадаткам да самага галоўнага — святой Імшы і штодзённай малітвы. Сёння ў інтэрнэт-прасторы можна знайсці электронныя варыянты разнастайнай літаратуры, а вось друкаванае слова, пашыраецца дзякуючы выдавецтву "Про-Хрысто". У маёй уласнай бібліятэцы больш 150 кніг на рэлігійную тэматыку, прапаную агляд літаратуры, якая, на мой погляд, можа быць карыснай і цікавай шырокаму колу чытачоў.

Адной з кніг, якую варта пачытаць менавіта падчас Вялікага посту — гэта кніга "Сын Чалавечы". Яе аўтар — пратэірэй Аляксандр Мень, на падставе Евангелляў, а таксама іншых гістарычных і багаслоўскіх крыніц, спрабуе паказаць Езуса з Назарэта такім, якім Яго бачылі сучаснікі. Кніга даволі цікавая, пазнавальная, лёгка чытаецца.

Заслугоўваюць увагі чытача разнастайныя творы духоўнай літаратуры, якія апісваюць жыццё святых і бласлаўлёных, чый шлях да святасці можа стаць узорам для сучаснага верніка. Нямецкі святар Вільгельм Х'юнэрман з'яўляецца аўтарам шэрагу біяграфічных кніг пра святых. Кніга "Победивший дьявола" апавядае пра святога Яна Віянэя, а "Нищий из Гранады" — пра святога Яна Божага. Росіцкай трагедыі і мучаніцтву бласлаўлёных айцоў марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча прысвечаны раман Ірыны Жарнасек "Будзь воля Твая". Кніга "Рыцар Беззаганнай", якая апавядае пра жыццё святога Максімільяна Кольбэ, адрасавана дзецям, але яна таксама будзе цікавай і для дарослых.
Падчас посту карысна пачытаць кнігі, якія паглыбляюць нашу веру і спрыяюць свядомай падрыхтоўцы да святых сакрамантаў, найперш да споведзі і Эўхарыстыі. Я часта люблю перачытваць кнігу ксяндза Эдварда Станека "З клопатам пра сумленне. Развагі над Дэкалогам", якая ўяўляе сабой цыкл рэлігійна-маральных разважанняў над тым багаццем мудрасці і любові, якое знаходзіцца ў Божых запаведзях, і над шляхам вырашэння многіх сучасных праблем, выбар якіх заўсёды належыць чалавеку, яго сумленню. Кніга дапамагае больш якасна правесці рахунак сумлення і падрыхтавацца да споведзі.

Каб больш даведацца пра Эўхарыстыю і свядома ў ёй удзельнічаць, варта прачытаць кнігу Лукаша Кубякі "Святая Імша 100 пытанняў і адказаў", у якой аўтар на падставе Святога Пісання і асноўных дакументаў касцёла, шматлікіх крыніц па гісторыі літургічных абрадаў, а таксама каментарыяў айцоў Касцёла і святых растлумачвае тэалагічны сэнс і значэнне літургічных абрадаў і сімвалаў, літургічнага начынення і іншых сакральных прадметаў і малітваў. Кніга можа быць цікавай міністрантам, моладзі, людзям старэйшага пакалення.
Існуе шмат розных і добрых кніг, з дапамогай якіх можна адшукаць адказы на хвалюючыя пытанні і паглыбіць свае веды. Творы святых Фамы Кемпійскага, Францішка Сальскага, Тэрэзы ад Дзіцяткі Есуса і іншых святых і бласлаўлёных адчыняюць перад намі свет Божай Міласэрнасці, вучаць гарманізаваць сваё жыццё ў адпаведнасці з Божымі запаведзямі, каб дасягнуць галоўнай мэты — Божага валадарства. Варта толькі знайсці час, каб дакрануцца да гэтага багацця духоўнай мудрасці.

Жанна Закрэўская
07.03.2025
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by