3 красавіка 33 года — дзень смерці Езуса з Назарэта
У Вялікую пятніцу будзем адзначаць літургічны ўспамін смерці, якая прынесла збаўленне ўсяму чалавецтву. А сёння, напэўна, гістарычная гадавіна. Верагодна, датай смерці Езуса з’яўляецца 3 красавіка 33 года.
Вялікдзень — свята рухомае (прыпадае на перыяд з 21 сакавіка па 25 красавіка), таму Вялікая пятніца, якая наступае на тры дні раней, таксама мае розныя даты ў розныя гады і можа быць размежавана да 34 дзён.
Але не будзем забываць, што ўкрыжаванне Езуса Хрыста адбылося ў пэўным месцы і ў пэўны час. Калі? Найбольш верагодная дата — 3 красавіка 33 года нашай эры. Гэта вынікае з артыкула 1983 года, апублікаванага ў навуковым часопісе Nature Колінам Дж. Хамфрысам і У. Г. Уоддзінгтанам. Даследчыкі прадставілі высновы з аналізу яўрэйскага храмавага календара, астранамічных звестак, гістарычных запісаў (у першую чаргу хронікі яўрэйскага гісторыка Іосіфа Флавія) і звестак, прыведзеных у Бібліі.
Пры Понціі Пілаце
Езус быў забіты – як мы чытаем у Святым Пісанні і як мы паўтараем у Сімвале Веры – у той час, калі Понцій Пілат быў пракуратарам Юдэі. Значыць гэта адбылося паміж 26 і 36 гадамі нашай эры.
Як вядома з чатырох Евангелляў, Пан Езус памёр на крыжы ў пятніцу, напярэдадні габрэйскага свята Пасхі, гэта значыць на 14-15-ы дзень месяца нісана (наконт гэтага вучоныя не прыйшлі да аднаго меркавання). Згодна з габрэйскім звычаем, дзень пачынаецца і заканчваецца з заходам сонца, які вясной у Ізраілі адбываецца — калі «перавесці» гэта на наш гадзіннік — каля 7 вечара.
Езус памёр каля 15-ай гадзіны. Святкаванне Вялікадня пачыналася з рытуальнага заколу ягняці, які звычайна адбываўся паміж 15 і 17 гадзінамі. Калі ўзышоў месяц (гэтай ноччу ён заўсёды быў поўны), пачыналася велікодная вячэра.
Дата смерці Езуса — пяць варыянтаў
14 дзень месяца нісан прыходзілася на пятніцу толькі тры разы ў 26-36 гадах нашай эры: 11 красавіка 27 года, 7 красавіка 30 года і 3 красавіка 33 года. 15-ы дзень нісана — 23 красавіка 34 года, або ў выключных выпадках (калі з-за неўраджаю год аб’яўляўся высакосным і ў календары дабаўляўся адзін месяц) — 11 красавіка 27 года.
Красавік 27 года занадта рана па дзвюх прычынах. Ян Хрысціцель пачаў сваю дзейнасць у 28 ці 29 годзе, бо чытаем: «У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя,…» (Лк 3, 1). Такім чынам, хрост Езуса ў Ярдане не мог адбыцца раней за 28 год. Па-другое, з некаторых апавяданняў Евангелля паводле святога Лукі вынікае, што Пілат ужо быў пракуратарам Юдэі на працягу некаторага часу да ўкрыжавання Езуса, таму што падчас свайго публічнага служэння, у адным са сваіх падарожжаў у Ерусалім, Езус пачуў «пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі» (Лк 13, 1).
З іншага боку, 34 год — занадта позняя дата. Гэты год лічыцца датай навяртання св. Паўла, на што таксама паказваюць звесткі з яго паслання да Галатаў (Гал 1, 18; 2, 1). Больш за тое, 15 нісана прыпадала б на пятніцу 34 г. толькі ў тым выпадку, калі б у каляндар гэтага года быў уведзены дадатковы высакосны месяц — і на гэта няма ніякіх прыкмет.
Такім чынам, дзве магчымыя даты смерці Госпада нашага Езуса Хрыста: 7 красавіка 30 г. або 3 красавіка 33 г. На самай справе, паводле Яна, мы ведаем, што падчас свайго публічнага служэння Езус тройчы святкаваў свята Пасхі.
Засталася адна дата – пятніца, 3 красавіка 33 г. Такім чынам, сёння 1992-я гадавіна смерці, якая прынесла збаўленне ўсяму чалавецтву.
Зацьменне і крывавы месяц
Ёсць яшчэ адна перадумова, якая пацвярджае гэты варыянт. У Дзеях Апосталаў мы чытаем, што ў дзень Пяцідзесятніцы, гэта значыць праз некалькі тыдняў пасля смерці Езуса, св. Пётр у сваёй знакамітай прамове да сваіх суайчыннікаў яўрэяў сказаў, што на іх вачах споўнілася прароцтва прарока Ёэля: «Сонца абернецца ў цемру, а месяц — у кроў, перш чым настане дзень Пана, вялікі і слаўны» (Дз 2, 20). Пётр, безумоўна, мае на ўвазе тры гадзіны цемры, якія апалі над Ерусалімам падчас укрыжавання Езуса, і наступнае зацьменне месяца, якое назіраецца на Зямлі як чырвоны колер месяца.
У 26-36 гадах у Ерусаліме адбылося адно частковае зацьменне месяца – 3 красавіка 33 года! Пачалося прыблізна ў 18.20 (калі месяц быў крыху над гарызонтам і калі набожныя габрэі глядзелі на яго асабліва ўважліва, чакаючы сігналу пачаць вячэру) і доўжылася каля 30 хвілін.
Высновы адносна магчымай гістарычнай даты смерці Езуса нічога не змяняюць ні ў літургіі Касцёла, ні, тым больш, у нашай веры. Але, можа, варта ў гэты дзень, калі, верагодна, наша збаўленне ўжо адбылося, яшчэ раз узнесці хвалу да Пана і падзякаваць Яму за тое, што з любові да нас прыйшоў у свет, памёр за нас і збавіў нас? Сatholicnews.by