Дзень споведзі прайшоў у парафіі
Перад урачыстасцю Божага Нараджэння 20 снежня ў нашай парафіі прайшоў дзень споведзі. Скарыстацца сакрамантам пакуты змаглі ўсе жадаючыя. Дапамогу ў канфесіянале аказалі святары суседніх парафій. З душпастырскай навукай да вернікаў аб важнасці споведзі і малітвы звярнуўся пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Новым Пагосце ксёндз Аляксей Асон.
Разважаючы над словамі Евангелля паводле Лукі аб звеставанні Найсвяцейшай Панне Марыі, святар заахвоціў  вернікаў на ўзор Багародзіцы адкрыць сваё сэрца і запрасіць у яго Пана Бога. "Важным момантам, які набліжае нас да Бога, з'яўляецца сакрамант споведзі, але каб ён меў плён, неабходна спавядацца рэгулярна. Не раз ці два на год, а прыкладна раз на месяц, бо толькі тады мы добра памятаем і лепш бачым свае грахі" — падкрэсліў святар.

Ксёндз Аляксей адзначыў: "Каб умацавацца духоўна і наблізіцца да Пана Бога мы павінны таксама рэгулярна маліцца, бо малітва — гэта размова з Богам. Маліцца трэба не толькі за іншых, але найперш за сябе, бо праз малітоўную повязь з Панам Богам мы ўмацоўваемся самі і, такім чынам, зможам аказаць дзейсную малітоўную падтрымку нашым бліжнім".
Завяршаючы гамілію святар заахвоціў не змарнаваць застаўшыйся час да Божага Нараджэння, а напоўніць яго сэнсам. Каб Езус, прыйсце якога мы чакаем, змяніў нас і нашае жыццё. Каб для кожнага з нас пачалася новая эпоха — эпоха з Панам Богам.

Жанна Закрэўская
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by