"Падрыхтуйце дарогу Пану" (Мк 1,3)
16 снежня ў нашай парафіі прайшоў дзень споведзі. У гэты дзень вернікі мелі магчымасць падрыхтаваць сваё сэрца да Нараджэння Пана праз сакрамант пакаяння і паяднання. Духоўнай падрыхтоўцы да свята спрыяла душпастырская навука, якую прамовіў ксёндз Вячаслаў Адамовіч.
У гаміліі святар звярнуў увагу на асобу Яна Хрысціцеля, якая вельмі цесна пераплецена з літургіяй перыяду Адвэнту. Прарок Старога Запавету прыйшоў у свет, каб падрыхтаваць юдэйскі народ да другога прыйся Хрыста – гэтай тэматыцы таксама прысвечаны першы перыяд Адвэнту, які працягваецца ад першай нядзелі Адвэнту да 16 снежня.

Ян Хрысціцель, пра жыццё якога мы ведаем няшмат, быў аднагодкам Хрыста і вёў аскетычнае жыццё. Месцам свайго служэння ён абраў Юдэйскую пустыню і раку Ярдан, у якой хрысціў заклікаючы да пакаяння і навяртання. У Евангеллі паводле Марка сказана: "У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму." (Мц 3, 1–3)
Адвэнт – час радаснага чакання Божага Нараджэння. Вельмі важна выкарыстаць гэты час правільна. Даволі часта мы паддаёмся мітусні. Больш клапоцімся пра аздабленне і ўпрыгожванне нашых дамоў, набыццё падарункаў, ласункаў і прысмак. Ствараем радасную атмасферу задоўга да Божага Нараджэння і ў клопатах падрыхтоўкі забываемся пра сэнс Адвэнту.

Знешняя падрыхтоўка да свята неабходная і патрэбная, аднак усё трэба рабіць своечасова. Найперш важна паклапаціцца пра чысціню свайго сэрца, бо менавіта яно стане месцам нараджэння Хрыста. Жыць па-хрысціянску – гэта і ёсць наша падрыхтоўка да сустрэчы з Панам. Перажываем кароткі ў гэтым годзе час Адвэнту, аднак усё нашае жыццё – гэта Адвэнт, бо яно з'яўляецца нашай падрыхтоўкай да спаткання з Богам у вечнасці. Жыццё святымі сакрамантамі, перадусім споведзь і Эўхарыстыя, жыццё Святым Пісаннем – гэта і ёсць наша падрыхтоўка, самая сапраўдная і самая простая. Галоўнае, каб у нашым бурлівым і імклівым жыцці, мы не забыліся пра Пана Бога. Каб у падрыхтоўцы да свята, мы не забыліся пра Таго, Хто прыходзіць у свет, каб выбавіць кожнага з нас.

Жанна Закрэўская
16.12.2023
Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by