Дзень споведзі — важны момант прыгатавання да Божага Нараджэння
20 снежня ў нашай парафіі прайшоў дзень споведзі. У гэты дзень вернікі мелі магчымасць падрыхтаваць сваё сэрца да Нараджэння Пана праз сакрамант пакаяння і паяднання. Духоўнай падрыхтоўцы да свята спрыяла душпастырская навука, якую прамовіў ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ, вікарый парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне.
У гаміліі, звяртаючы ўвагу на важныя моманты духоўнага жыцця, святар падкрэсліў, што нам часта перашкаджае смутак. "Благаслаўлёны кардынал Стэфан Вышынскі пісаў, што злы дух ад пачатку нарадзіўся сумным. Калі мы сумныя, мы пераходзім на тэрыторыю злога духа, які зачыняе нас на іншыя рэчы. Смутак не дае нам падняць галаву, не дае кантраляваць сваё духоўнае жыццё і нашы паводзіны.

Нават сакрамант пакуты і паяднання не прыносіць нам радасць ад таго, што Езус нас збаўляе. Калі нам не ўдаецца выправіцца з граху і мы ўчыняем яго зноў і зноў, то ўзнікае смутак. Ён заганяе нас у самога сябе і мы пачынаем жыць пастаянна схіліўшы галаву. Споведзь
гэта не месца нашага самабічавання, а месца перапрашэння Хрыста за тое, што Яго абразілі. Мы не павінны ігнараваць Божай міласэрнасці, а з надзеяй на прабачэння глядзець на Хрыста, які нас выбаўляе з палону граху.
Бог патрабуе ад нас шчырасці і адкрытасці – толькі гэта дасць нам палёгку і магчымасць выправіцца. Пасля споведзі мы павінны адчуваць радасць, што час няволі скончыўся. Той, які з'яўляецца Панам усяго стварэння, прыйшоў у свет каб выбавіць таксама і мяне.

Напрыканцы гаміліі а.Генадзь Лаўніковіч прапанаваў невялікае духоўнае практыкаванне перад святам Божага Нараджэння: неабходна пашукаць у сваім жыцці "радасці" і падзякаваць Пану Богу за іх. "Толькі дзякуючы радасці мы зможам убачыць сэнс Божага Нараджэння і дарогу нашага збаўлення" – падсумаваў святар.

Пасля Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік выказаў словы ўдзячнасці айцу сэрцаніну Генадзію Лаўніковічу за душпастырскую навуку, а таксама ўсім святарам за паслугу ў канфесіянале.

Жанна Закрэўская
20.12.2024
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by