Малітва - найлепшая дапамога душам чыстцовым
“У малітве за памерлых праяўляецца наша вера ў вечнае збаўленне, да якога чалавек таксама праходзіць праз чысцец. Чысцец азначае стан ачышчэння, стан, у якім душы, падрыхтаваныя да збаўлення, да вечнага шчасця, яшчэ павінны ачысціцца, каб дасягуць канчатковай сустрэчы з Богам...”  св. Ян Павел ІІ
Успамін усіх памерлых вернікаў (Задушны дзень) – гэта час асаблівай малітвы за памерлых. У гэты дзень мы наведваем могілкі, запальваем свечкі – сімвал Уваскрослага Хрыста, малітвы і любові. У цішы ўзгадваем тых, хто адыйшоў у вечнасць.

Навучанне каталіцкага Касцёла, заключанае ў катэхізісе, надае вялікую ўвагу і каштоўнасць малітве за памерлых. “З самага пачатку хрысціянскай рэлігіі Касцёл пілігрымаў, цалкам прызнаючы супольнасць усяго Містычнага Цела Езуса Хрыста, ушаноўваў з вялікім дбаннем памяць памерлых, а “паколькі святой і збавеннай з’яўляецца думка памаліцца за памерлых, каб яны былі вызвалены” (2 Мак 12, 45), то таксама ахвяроўваў за іх малітвы” (ККК, 958).

Каштоўнасць гэтых малітваў узрастае, калі мы ведаем, што яны на самай справе змогуць дапамагчы нашым родным, знаёмым і сябрам, якія пакінулі гэты свет. “Тыя, хто памірае ў ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не цалкам ачышчаны, хоць ужо ўпэўнены ў сваім вечным збаўленні, праходзяць пасля смерці ачышчэнне, каб атрымаць неабходную святасць для ўваходу ў радасць неба. Гэтае канчатковае ачышчэнне выбраных, што з’яўляецца чымсьці цалкам іншым, чым пакаранне асуджаных, Касцёл называе чысцам” (ККК, 1030-1031).

Памятаючы аб важнасці малітвы за памерлых у актаву Усіх Святых мы кожны вечар збіраемся ў нашым касцёле. Выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, ружанцовая малітва, магчымасць пакаяння і паяднання (споведзь) дапамагаюць глыбей перажыць Эўхарыстыю, падчас якой чытаюцца выпамінкі і цэлебруюцца Нешпары.

Святы айцец Піо казаў, што на святой Імшы больш душаў, церпячых у чыстцы, чым саміх вернікаў. І яны глядзяць нам у рот, просяць, каб мы прынялі ў іх інтэнцыі Камунію. Просяць і нічога не могуць зрабіць, каб мы пачулі іх маленні.

"...Задушны дзень – гэта не толькі ўспамін усіх памерлых вернікаў, але і добрая нагода задумацца над сваім жыццём. Мы не ведаем калі Бог пакліча нас, але мы павінны пражываць кожны дзень да апошняй кроплі ў любові да бліжняга... Мы не павінны станавіцца "капілкамі",  назапашваючы ўсё на будучае. Трэба жыць сённяшнім днём..." – адзначыў у сваёй гаміліі ксёндз Юрый Барок. "...Сёння, молячыся за нашых блізкіх, якія, магчыма, адышлі ў вечнасць са сваімі грахамі і памылкамі, мы спадзяёмся на Езуса Хрыста, яго ласку і міласэрнасць да іх, каб яны дасягнулі вечнага збаўлення..."

Жанна Закрэўская
02.11.2020


Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by