Дваццаць пяць гадоў таму была выраблена фігура Маці Божай Ратавальніцы Тонучых
Восенню 1999 года на ахвяраванні вернікаў мёрскай парафіі была выраблена фігура Маці Божай Ратавальніцы Тонучых. Першапачаткова яна была ўстаноўлена на цвінтары касцёла, а зараз упрыгожвае набярэжную і з'яўляецца візітоўкай нашага горада.
Першы помнік Маці Божай на Мёрскім возеры па ініцыятыве ксяндза Рамуальда Свіркоўскага быў устаноўлены і ўрачыста асвечаны 8 верасня 1929 года.  Фігура з белага мармуру, якая размяшчалася на штучна створаным астраўку, велічна і прыгожа ўзвышалася над наваколлем. На помніку залатымі літарамі быў выбіты надпіс "Каралева Польшчы, маліся за нас. 1918-1928". На жаль, помнік прастаяў не доўга. У часы ваяўнічага атэізму фігуру Маці Божай разбілі на кавалкі і ссунулі бульдозерам у возера. (В.Ермалёнак "Святыня над возерам")
Фота 30-х гадоў мінулага стагоддзя з архіва Святланы Красновай (Кукуць),
рэстаўрацыя здымка Казіміра Блажэвіча
Калі ў Мёры прыехаў працаваць ксёндз Уладас Пятрайціс і пачуў гісторыю помніка, адразу загарэўся ідэяй устанавіць новую фігуру. Краязнаўца Вітольд Ермалёнак узгадвае: "У 1997 годзе да мяне звярнуўся кс.Уладас з просьбай дапамагчы высветліць, як выглядала ранейшая фігура Маці Божай, бо знайсці фотаздымак на той час не ўдалося. Я не мясцовы, таму пачаў распытваць людзей. І якая цікавая рэч людская памяць... Большасць старажылаў дакладна не памяталі, як выглядаў помнік, усе апісвалі яго па-рознаму. Таму было прынята рашэнне зрабіць такую скульптуру, якую прапануе майстар Ігар Голубеў."

Працы зацягнуліся амаль на два гады. Адна з прычын — цяжкасці з разлікам. Парафіяне ахвяравалі грошы, але кошт помніка пастаянна ўзрастаў, бо была моцная інфляцыя. Адлівалі фігуру з бронзы на Мінскім трактарным заводзе. У верасні 1999 года скульптура Маці Божай масай 3 тоны і вышынёй 4,3 метры нарэшце прыбыла ў Мёры.
Па задуме ксяндза Уладаса Пятрайціса скульптурны комплекс павінен быў размяшчацца над возерам, але ўлады не далі дазвол. Тады яе часова ўстанавілі на цвінтары пры касцёле.

Першапачаткова фігура мела назву Маці Божай Радзіліцы, але потым ксёндз Уладас даў ёй другую назву — Маці Божая Ратавальніца тонучых. Ён тлумачыў, што Маці Божая ратуе не толькі тых, хто фізічна тоне ў вадзе, але і тых, хто тоне ў грахах.

У 2004 годзе тагачасны пробашч парафіі ксёндз Крыштаф Мянкіна звярнуўся да ўладаў з просьбай устанавіць фігуру на возеры, аднак просьба зноў была адхілена. У ходзе правядзення добраўпарадкавання прыкасцельнай тэрыторыі да святкавання 100-годдзя святыні, скульптуру вырашылі змяціць перад галоўным уваходам у касцёл. 12 лістапада 2004 года арцыбіскуп Чэнстахоўскі Станіслаў Новак асвяціў фігуру, якая доўгі час вітала і бласлаўляла тых, хто прыходзіў у святыню.
Сітуацыя з фігурай вырашылася ў 2017 годзе.

Ксёндз Крыштаф успамінае: "Я зноў вырашыў звярнуцца да раённых уладаў з прапановай змясціць скульптуру Маці Божай над возерам, як гэта было раней. І на гэты раз мае словы знайшлі водгук. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў не толькі падтрымаў ідэю, але і аказаў садзеянне ў вырашэнні арганізацыйных, фінансавых і практычных пытанняў. Дапамогу ў падрыхтоўцы праекта і правядзенні пэўных работ аказаў інжынер Аляксандр Грыбач. Дзякуючы працы неабыякавых людзей, скульптура была ўстаноўлена. Хай Пан Бог бласлаўляе ўсіх, хто прычыніўся да гэтай пачэснай справы."
4 кастрычніка ўсе працы былі завершаны, а 12 лістапада біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB у прысутнасці мясцовых уладаў і шматлікіх вернікаў асвяціў фігуру Маці Божай Ратавальніцы тонучых. Гэта падзея аднавіла гістарычную справядлівасць.

Цяпер фігура Маці Божай з маленькім Езусам на руках з'яўляецца адным з сімвалаў горада.

Жанна Закрэўская, тэкст.
Фота аўтара, Івана Барка, з архіва парафіі і адкрытых інтэрнэт крыніц

Рыма-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by