Атмасферу свята падтрымліваў парафіяльны хор, які сваімі спевамі ўпрыгожыў Эўхарыстыю.
Душпастырская навука была цесна пераплецена з тэкстам Евангелля на свята Перамянення Пана. У сваёй гаміліі, ксёндз Іван Кароткін параўнаў жыццё чалавека з гарой. "Гара ў Старым і Новым Запавеце з'яўляецца знакавым месцам — месцам спаткання чалавека з Богам. Евангелле паводле Мацвея (Мц 17, 1–9) паказвае нам, як Езус узыходзіць з вучнямі на гару Табор, дзе аб'яўляе сваю Божую натуру. "Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў" — гаворыць Бог Айцец. Радасць ад перажытай падзеі агарнула вучняў і яны не хацелі спускацца дадолу. Так і мы ў сваім жыцці хочам каб радасныя моманты працягваліся як мага даўжэй, аднак жыццё вымагае нас выйсці з зоны камфорту. <...>Знешняе перамяненне Езуса неабходна было апосталам, каб яны перамяніліся духоўна. Таксама і нам патрэбна духоўная перамена, перамена сэрца. Змяніць нас ніхто не зможа, калі мы самі гэтага не жадаем, таму мы павінны імкнуцца да перамены, каб дасягнуць Божага валадарства."