WYSIWYG Web Builder
Парафіяльны адпуст у Германавічах
10 жніўня ў Германавічах адбыўся парафіяльны адпуст з нагоды свята Перамянення Пана, якое Касцёл адзначае 6 жніўня. На фэст сабраліся не толькі мясцовыя вернікі, але таксама госці з суседніх парафій. Канцэлебраваную святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне ксёндз канонік Валерый Орсік.
Традыцыйна адпустовай урачыстасці папярэднічала пэўная духоўная практыка, якая распачалася яшчэ ў пятніцу. Эўхарыстыя з душпастырскай навукай, адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, супольная малітва і магчымасць споведзі — усё гэта спрыяла годнай падрыхтоўцы вернікаў да перажывання свята.

Урачытая Літургія распачалася а 12-ай гадзіне. У прывітальным слове, звяртаючыся да прысутных, пробашч парафіі ксёндз Ян Пугачоў адзначыў, што нас зноў збірае Езус Хрыстус дзеля перамянення нашага жыцця, каб адарыць неабходнымі цнотамі і ўмацаваць праз святыя сакраманты.
Над падзеяй Перамянення Пана разважаў у сваёй гаміліі ксёндз канонік Валерый Орсік. Святар звярнуў увагу на постаці апосталаў Пятра, Якуба і Яна, якія былі сведкамі перамянення. Гэтыя простыя людзі распазналі ў Езусе месію і праз усё жыццё засталіся вернымі Яму. "У час сакраманту хросту мы атрымалі дар веры. Наш абавязак не марнаваць гэты вялікі дар, а развіваць яго," — падкрэсліў прамоўца.

Пасля Літургіі адбылася Эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла, якую ўпрыгожыў сваімі спевамі парафіяльны хор пад кіраўніцтвам Святланы Лагун.
Напрыканцы ўрачыстасці вернікі выказалі словы ўдзячнасці святарам за душпастырскую навуку, удзеленыя сакраманты споведзі і Эўхарыстыі. Пажадалі ім шчодрых дароў Духа Святога і плёну на ніве Пана.
Рызынкай свята ў гэтым годзе стаў канцэрт, які адмыслова да парафіяльнага фэсту зладзіў мясцовы Цэнтр культуры і народных традыцый пад кіраўніцтвам Вольгі Сташкевіч. Моладзь і дарослыя праславілі Пана Бога сваім майстэрствам праз спевы і выкананне народных мелодый на лыжках.

Жанна Закрэўская
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by