У 19 нумары дадатку "Życie ilustrowane" да штотыднёвіка «Kurier Litewski» за 1907 год размешчаны шэраг фотаздымкаў мёрскай святыні, плябаніі і парафіяльнага дома. Вядома, што фотаздымкі ў выданні больш чым стогадовай даўнасці маюць не вельмі добрую якасць, але ўсё ж дазваляюць зрабіць агульнае ўяўленне аб стане святыні і іншых пабудоў. У нашага парафіяніна, спадара Дзмітрыя, узнікла ідэя рэканструяваць старыя фотаздымкі.
Рэканструкцыя — гэта працэс аднаўлення, адбудовы раней існуючага, аднак згубленага ці знішчанага будынка ці твору мастацтва. У цяперашні час існуе шмат праграм, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, якія дазваляюць зрабіць рэканструкцыю фотаздымкаў. Рэканструкцыя — не толькі сам працэс, але і яго вынік. Пры рэканструкцыі важна арыентавацца на фрагменты, якія захаваліся, крыніцы ці некаторыя прыкметы. На падставе колькасці і якасці крыніц рэканструкцыя мае пэўную ступень гіпатэтычнасці.
Дапамогу ў рэканструкцыі фотаздымкаў аказаў пан Dariusz Zajdel з Польшчы. Што атрымалася ў выніку працы можна ўбачыць ніжэй.
Першы фотаздымак адлюстроўвае будаўніцтва святыні і паромную пераправу праз возера. На фотаздымку бачна, што вежаў яшчэ няма і будаўніцтва не завершана.