WYSIWYG Web Builder
Пан — маё святло і маё збаўленне
У свята Ахвяравання Пана ва ўсіх касцёлах праходзяць святочныя набажэнствы, на пачатку якіх адбываецца бласлаўленне свечак. Свечка — сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Cвяты Евангеліст Ян падкрэслівае: Хрыстус — гэта Святло праўдзівае, што асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету (гл. Лк 2, 22-39). Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго (пар. Мц 5, 17).

Падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падкрэсліў, што свечка ў касцёле з'яўляецца сімвалам Хрыста, які асвятляе дарогу нашага жыцця, аб гэтым кажуць словы псальма: "Пан маё святло і маё збаўленне" (Пс 27 (26), 1). Асвечаныя ж грамнічныя свечкі традыцыйна выкарыстоўваюцца ў двух аспектах. Мы запальваем грамніцу у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, просячы Бога, каб Ён выратаваў нас і нашу маёмасць ад небяспекі стыхіі. Запаленую грамнічную свечку таксама даюць у рукі чалавеку, які памірае і знаходзіцца на мяжы пераходу ад зямнога жыцця да вечнага, каб яе святло паказала шлях да неба.
"Няхай грамнічная свечка і іншыя рэлігійныя атрыбуты, якія мы асвячаем у касцёле (хлеб, вада), умацоўваюць нашу веру і спрыяюць глыбокаму перажыванню падзей, звязаных з тымі ці іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця, якія касцёл на працягу літургічнага года нам паказвае" — пажадаў напрыканцы гаміліі святар.


Жанна Закрэўская
02.02.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by