WYSIWYG Web Builder
Свята Ахвяравання Пана
На саракавы дзень пасля Божага Нараджэння, 2 лютага, Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана, якое было вядома ў хрысціянстве як мінімум з IV стагоддзя. Варыянты яго грэцкіх назваў – Hypapante і Heorte tou Katharismou, перакладаюцца як свята сустрэчы або ачышчэння.
Сустрэчы, бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Другая ж назва набліжае да нас пакору Найсвяцейшай Панны Марыі, якая выявілася, між іншым, у паслухмянасці тагачаснаму праву. Яно патрабавала, каб жанчына на саракавы дзень пасля нараджэння хлопчыка і на васьмідзесяты пасля нараджэння дзяўчынкі прайшла праз абрады рытуальнага ачышчэння.

Літургічнае святкаванне гэтага дня звязана з абрадам благаслаўлення свечак. Свечка – гэта сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Яна таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.
Свята Ахвяравання Пана ў народнай традыцыі мае другую назву — Маці Божай Грамнічнай або проста Грамніцы.  Згодна традыцыі Маці Божая аберагае ад зла, якое ўяўлялася ў вобразе ваўкоў. Менавіта таму Марыя адлюстроўваецца на абразах і ў літаратуры ў суправаджэнні іх зграі. Ёсць таксама легенда, якая апавядае, што Маці Божая абараніла цэлую вёску ад небяспечных ваўкоў, адпужваючы іх якраз полымем васковай свечкі.

Сёння грамнічная свечка павінна быць найперш знакам, які нагадвае пра Бога, і таму – у свеце, у якім гэтых знакаў усё менш, па-ранейшаму нам патрэбная. Яе полымя з’яўляецца добрым лекам ад людскіх страхаў, клопатаў i няшчасцяў. Не таму, што мае магічнае дзеянне, якое “адпужвае ваўкоў і маланкі”, а таму, што паказвае: Бог пастаянна побач.

Давайце часцей запальваць грамніцы. Запальвайце іх у нашых дамах, калі ўспыхваюць “буры”, сваркі, калі ледзяны град знішчае пасевы ўзаемнага кахання, калі ўспыхвае полымя зайздрасці, калі ўзнікае пагроза ад патопу прагнасці. Няхай грамнічныя свечкі будуць не толькі адной з рэчаў, якія проста захоўваюцца ў нашым доме але запальвайце іх падчас малітвы, калі хто-небудзь з дамачадцаў цяжка хворы, або памірае, каб святло грамнічнай свечкі ўмацовала ў нас веру, давала надзею і гартавала любоў.

Паводле Рio.by
31.01.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by