Супольнасць касцёла папоўнілася новымі вернікамі
4 кастрычніка ў нашай святыні адбылася значная падзея: трое дзяцей прынялі сакрамант хросту. Дзве дзяўчынкі і адзін хлопчык былі далучаны да супольнасці люду Божага.
Галоўны сімвал святога хросту - гэта вада. Яна існуе з самага пачатку стварэння свету. Дзякуючы вадзе можа існаваць і развівацца ўсё жывое. Дзякуючы водам хросту ў душы дзіцяці з’яўляецца новае, звышнатуральнае жыццё – асвячальая ласка.
Падчас абраду святар, бацькі і хросныя пазначаюць знакам крыжа (вялікім пальцам правай рукі) лоб дзіцяці. Знак крыжа з’яўляецца выражэннем веры ў Святую Тройцу.
Святы хрызм – гэта аліўкавы алей змяшаны з бальзамам. Памазанне лба дзіцяці хрызмам азначае, што на яго зыходзяць дары Духа Святога.
Белае адзенне – сімвал нявіннасці, чысціні, новага жыцця.
Свечка – сімвалізуе Хрыста – Святло свету. Падчас хросту свечку запальваюць ад пасхала. Як агонь пасхала перадаецца свечцы, так жыццё Хрыста перадаецца дзіцяці. Полымя свечкі сімвалізуе полымя веры, якое будзе гарэць у яго жыцці.
Хрост – гэта толькі пачатак, фундамент, які патрабуе далейшага развіцця, брама для пераходу да Таямніцы хрысціянскай веры і да жыцця паводле прынятай веры. Клапаціцца пра гэта – абавязак бацькоў, хросных і самаго ахрышчанага.
Жанна Закрэўская
04.10.2020