Пра выключную ролю Марыі, як Божай Маці, заахвоціў паразважаць падчас гаміліі дэкан Міёрскі ксёндз Андрэй Кулік. Святар падкрэсліў, што фізічнае мацярынства Марыі, якая нарадзіла Збаўцу, з цягам часу дапаўняецца духоўным мацярынствам, якое пацвярджае Езус, кажучы Марыі з крыжа: "Жанчына — вось сын Твой", а Яну: "Вось Маці твая" (пар.Ян 19, 26-27).
Тэалогія падкрэслівае два вымярэнні прысутнасці Марыі пад крыжам: Марыя церпіць разам з Хрыстом (Маці балесная), Марыя прымае запавет з крыжа ў словах, якія мы толькі што ўзгадалі. З аднаго боку Марыя ўдзельнічае ў ахвяры свайго Сына, як першая адкупленая — Марыя без граху першароднага і іншых грахоў, поўная ласкі. Як кажа Касцёл — дзеля будучых заслуг Мукі Хрыста. А з іншага боку, будучы часткай роду людскога, Марыя стаіць пад крыжам, як прадстаўнік чалавецтва, якое чакае збаўлення.
Ушаноўваючы сёння Маці Божую — Найсвяцейшую Панну Марыю з гары Кармэль — мы спадзяёмся, што Яна, як Маці Збаўцы і наша Маці, дапаможа нам стаць Яе вернымі дзецьмі і годнымі членамі Хрыстовага Касцёла.