WYSIWYG Web Builder
У Ёдах адзначылі парафіяльную ўрачыстасць
11 ліпеня ў Ёдах адбылася адпустовая ўрачыстасць з нагоды ўспаміну Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. На супольную малітву ў невялічкай але вельмі прыгожай і ўтульнай капліцы Маці Божай Шкаплернай сабраліся шматлікія парафіяне і госці свята.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ, сэрцанін з Шаркаўшчыны, пад чыёй апекай да апошняга часу знаходзілася Ёдская парафія. У прывітальным слове на пачатку Эўхарыстыі святар заўважыў: "Сёння мы перажываем тытулярную ўрачыстасць Маці Божай з гары Кармэль. Гара ў Старым Запавеце заўсёды з'яўлялася месцам спаткання чалавека з Богам. Прарокі, каб сутрэцца з Панам і пачуць Яго слова, уздымаліся на гару. Сёння для нас такой гарой з'яўляецца наша святыня, дзе хочам пачуць Божае Слова і сустрэцца з Хрыстом у сакраманце Эўхарыстыі. Просім Пана, каб кожны з нас адчуў Божую прысутнасць у сваім сэрцы, а кожная хвіліна нашага жыцця служыла на хвалу Божую."
Гамілію прамовіў дэкан Міёрскі ксёндз Андрэй Кулік. Напачатку святар заўважыў, што месяц ліпень мае шмат цудоўных нагод, каб узгадаць ролю Панны Марыі ў Божым плане збаўлення, Яе ролю ў жыцці Касцёла і кожнага верніка. У пачатку ліпеня мы ўшаноўваем Маці Божую Будслаўскую, потым адбываюцца ўрачыстасці ў в.Тракелі Гродзенскай дыяцэзіі і, нарэшце, успамінаем Маці Божую з гары Кармэль. Геаграфія шанавання Маці Божай настолькі шырокая, што кожная дыяцэзія ў свеце, а практычна і кожная мясцовасць мае свой адметны абраз у выяве якой ушаноўваецца Багародзіца Марыя.

Нягледзячы на такую разнастайную Марыйную пабожнасць, увесь Каталіцкі Касцёл аддае пашану адной і той самай асобе, якую Святое Пісанне паказвае нам, як Марыю з Назарэту. Жанчыну, якая сказала арханёлу Габрыэлю "няхай мне станецца паводле твайго слова" і якая нарадзіла свету Збаўцу Езуса Хрыста.

Далей прамоўца засяродзіў увагу на двух зваротах да Марыі, якія ўжываюцца ў Ларэтанскай літаніі: Маці і Каралева, падкрэсліўшы, што гэтыя тытулы Марыі паказваюць нам, наколькі важны кожны з іх па-свойму для нас, як вернікаў Каталіцкага Касцёла. Духоўнае мацярынства Марыі, атрыманае ёю падчас мукі Хрыста на крыжы дазваляе нам звяртацца да Яе гэтым вельмі асаблівым спосабам. Называючы Марыю сваёй Маці, я такім чынам паказваю, што хачу быць Яе сынам і дачкою. Будучы слабым і грэшным чалавекам маю такую магутную апякунку і заступніцу. Называючы Марыю Каралевай, мы такім спосаб хочам аддаць сябе пад уладу Яе Сына, нашага Валадара. Гэта вельмі важны і поўны пакоры крок з боку чалавека, які не хоча больш бунтавацца супраць Бога, але гатовы Яму падпарадкавацца. Імкнецца быць як Марыя, наследуючы, наколькі дазваляе нам наша грэшная натура, Яе паслухмянасць веры.

"Няхай апека Найсвяцейшай Панны Марыі, нашай Маці і Каралевы, дапаможа нам быць вернымі членамі Хрыстовага Цела — Касцёла"  — пажадаў завяршаючы гамілю святар.
У дзень урачыстасці ксёндз Генадзь Лаўніковіч SCJ, які выконваў абавязкі вікарыя ў Шаркаўшчыне і апекаваўся парафіяй у Ёдах, завяршыў сваё служэнне ў Віцебскай дыяцэзіі. Ён прадоўжыць далейшае навучанне ў Гродне. Напрыканцы Эўхарыстыі святар выказаў словы ўдзячнасці парафіянам за гады падтрымкі, малітву і супольную працу на карысць святыні і Касцёла.

Дэкан Міёрскі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў айцу сэрцаніну за пастырскае служэнне і пажадаў неабходных ласкаў, Божай падтрымкі і апекі Маці Божай на далейшым святарскім шляху.
Пасля святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога вернікі памаліліся літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. На заканчэнне адарацыі прысутныя прайшлі ва ўрачыстай працэсіі вакол капліцы, пасля чаго заспявалі гімн "Цябе, Бога, праслаўляем".

Жанна Закрэўская
11.07.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by