WYSIWYG Web Builder
IV нядзеля Вялікага посту, Нядзеля радасці
У нядзелю, 15 сакавіка, мы ўваходзім у палову Вялікага посту. Гэта ўжо чацвёртая нядзеля, якая называецца «Dominica laetare», што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «нядзеля радасці». У гэтую нядзелю ў літургіі выкарыстоўваецца ружовы колер, таму яе яшчэ называюць "ружовай".
Ці няма супярэчнасці паміж радасцю і тым, што хрысціяне ўсіх канфесій ў гэты перыяд абмяжоўваюць сябе і адмаўляюцца ад прыемнасцяў? Зусім не! Бо гэтыя знешнія абмежаванні неабходныя для таго, каб адкрыць нашу душу на духоўныя Божыя дары: любоў, мудрасць, спакой і радасць.

У Евангеллі ёсць урывак, дзе Езус кажа, што, калі нехта посціць, ён не павінен паказваць гэтага людзям і хваліцца гэтым перад іншымі. Ці гэта не ганарлівасць паказваць іншым, які я пабожны, а ты не!? Езус заахвочвае тых, хто посціць, да таго, каб іх пост (калі гэта магчыма) бачыў толькі Нябесны Айцец, каб яны намашчалі сабе галовы, памылі твары і не хадзілі засмучанымі (Mц 5, 32). Смутак, як сказаў адзін з біскупаў, калі ён і ёсць у жыцці хрысціяніна (бо жыццё бывае цяжкім), можа быць, але не павінен закранаць глыбіняў душы. У глыбіні сэрца веруючай асобы, з’яднанай з Богам, жыве радасць, якая з'яўляецца плодам Святога Духа.

Нядзеля «laetare» — гэта нядзеля радасці таксама таму, што мы ўжо прайшлі палову дарогі, якая вядзе нас да Пасхі Пана, а значыць да радасці новага жыцця, якое мы атрымліваем у Хрысце.

У рымскай традыцыі гэта «нядзеля ружаў», таму што ў гэты дзень людзі дарылі адзін аднаму ружы, якія пачыналі цвісці, а Папа Рымскі асвячаў залатую ружу, якую ахвяроўваў асобе, якая мела асаблівыя заслугі перад Касцёлам. Адсюль у літургіі ружовы колер адзення. Яго можна выкарыстоўваць толькі два разы ў літургічным годзе – у IV нядзелю Вялікага посту і ў ІІІ нядзелю Адвэнту, якая называецца Нядзеляй Gaudete.

У Святым Пісанні мы можам знайсці шмат заахвочванняў да таго, каб трываць у радасці. Напрыклад, «Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць!» (Дз 20, 35). «Заўсёды радуйцеся» (1Тэс 5, 16), — шмат разоў паўтарае святы апостал Павел. У палове Вялікага посту можна спытаць сябе: наколькі я блізкі да гэтай радасці, якая ідзе ад навяртання, і ці прагну я свайго навяртання? Бо ў гэтым сутнасць Вялікага посту! Калі няма ў нашых сэрцах прагнення навяртання, тады ўжо сёння варта пачынаць прасіць аб гэтым прагненні, каб за ім пачаліся ўчынкі.

У гэтую нядзелю вернікаў заахвочваюць на некаторы час адысці ад велікапоснага засяроджання, каб цешыцца і чэрпаць гэтую радасць ад Пана. Імшальная малітва, так званая калекта, нагадвае аб тым, што ўжо хутка мы будзем перажываць сапраўдную велікодную радасць, што дні вялікага святкавання ўжо блізка.

Варта ўслухацца ў літургію гэтай нядзелі, варта прыняць гэтую евангельскую радасць, якая паходзіць з усведамлення, што час пакаяння павінен прыводзіць нас да навяртання, ачысціць нашы сэрцы, адрадзіць нас, каб мы маглі стаць перад Богам. Той, хто паяднаў нас з Сабой праз Хрыста, чакае нашага навяртання, каб прыгарнуць нас да Сябе ў сваёй міласэрнасці.

Паводле Ave-maria і
Grodnensis.by
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by