WYSIWYG Web Builder
Памяці святара
30 красавіка 1985 года адышоў па ўзнагароду Пана ксёндз Ян Грабоўскі, які 28 гадоў свайго жыцця прысвяціў Мёрскай парафіі. Яго душпастырская дзейнасць выпала на часы ваяўнічага атэізму. Святар быў нявінна асуджаны, аднак не згубіў веру і годна рэалізаваў сваё пастырскае пакліканне.
Ксёндз Ян Грабоўскі быў высокаадукаваным, таленавітым і эрудыраваным чалавекам. Ведаў сем моў, шмат чытаў і пастаянна павышаў свой інтэлектуальны ўзровень. Святар карыстаўся аўтарытэтам не толькі сярод вернікаў, але таксама і сярод сваіх калег. Ён быў адкрыты на дыялог з кожным, хто гэтага патрабаваў. Пераслед, сталенскі лагер, гады ваяўнічага атэізму не зламілі, а загартавалі святара, умацавалі яго веру ў Бога і ўпэўненасць у тым, што сапраўдную веру нельга знішчыць.

Нарадзіўся Ян Грабоўскі 8 снежня 1912 года ў Вільні ў сям'і чыгуначніка. Праз некаторы час яго бацькі пераехалі ў Ліду. Там Ян закончыў гімназію імя Караля Хадкевіча і накіраваўся на вывучэнне медыцыны ў Варшаву. Падчас вучобы ў Варшаве юнак адчуў у сабе пакліканне да святарства. Не завяршыўшы навучання медыцыне ён паступае ў духоўную семінарыю ў Вільні. Будучы клерыкам, Ян адначасова вучыўся на тэалагічным факультэце Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, а на перапынках паміж заняткамі самастойна вывучаў французскую мову. Абараніў магістэрскую працу на тэму "Доказы існавання Бога ў залежнасці ад ступенні быцця паводле святога Тамаша з Аквіну".

Пасля атрымання святарскіх пасвячэнняў у 1936 годзе распачаў сваю душпастырскую дзейнасць у якасці вікарыя ў парафіі  Алькенікі (Літва).
У 1938 годзе быў накіраваны на вучобу ў Рым, аднак распачалася Другая сусветная вайна і святар вярнуўся ў Беларусь. Працаваў вікарыем у Слабодцы на Браслаўшчыне.

Быў пробашчам у парафіях Порплішча і Удзела. Паколькі яго брат Казімір Грабоўскі за актыўны ўдзел у дзейнасці Арміі Краёвай знаходзіўся ў сталенскім лагеры, то і за ксяндзом Янам пільна сачылі агенты дзяржбяспекі. Пад пагрозай зняволення ў 1947 годзе святар пераязджае на душпастырскую дзейнасць у Германавічы, а 18 кастрычніка 1949 года ён быў арыштаваны.

Спачатку знаходзіўся ў Глыбокім, а потым быў пераведзены ў Полацк. Асуджаны Полацкім абласным судом на 25 гадоў лагерных работ з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўлення правоў. Этапаваны ва Унжэнскі лагер (станцыя Сухабязводная), дзе працаваў на нарыхтоўцы лесу і вырабе цэглы.

Падчас "хрушчоўскай адлігі" ксяндзу Яну зменшылі тэрмін спачатку да 15 гадоў, а потым цалкам адмянілі. 18 чэрвеня 1956 года святар быў вызвалены.
Вярнуўся спачатку ў Германавічы, але касцёл там быў канфіскаваны, таму адгукнуўся на просьбу вернікаў аб душпастырскай дзейнасці ў мёрскім касцёле. Пасля вырашэння пэўных цяжкасцяў з прапіскай ксёндз Ян распачынае працу ў Мёрах.

Святар прыняў касцёл у жахлівым стане. Працякаў дах, аблупілася фарба на сценах, праз разбітыя вокны ў святыню заляталі птушкі, было шмат смецця. Дзякуючы намаганням ксяндза Яна і вернікаў святыня была адноўлена і ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка 1957 года адбылася яе рэкансэкрацыя.

Час ваяўнічага атэізму забараняў адкрыта вызнаваць веру. Часам для таго каб прыняць сакрамант шлюбу або ахрысціць дзіця неабходна было захоўваць сапраўдную канспірацыю (у касцёл прыходзілі па адным, з пэўным прамежкам часу). Нягледзячы на пераслед у касцёле заўсёды было шмат вернікаў.
Касцёл пастаянна наведвалі розныя камісіі, якія пагражалі зачыніць храм, але ксяндзу Яну ўдавалася вырашаць праблемы і  знаходзіць кампраміс. А калі наўкол гучала агітацыя аб тым, што праз 10-15 гадоў веры і касцёла не будзе, святар дабудоўваў плябанію, бо быў упэўнены, што пасля яго будзе іншы ксёндз, якому неабходныя адпаведныя ўмовы.

Уціск улады, знаходжанне ў сталінскім лагеры адбіліся на здароўі святара. Пасля перанясення аперацый і інфаркту 30 красавіка 1985 года яго сэрца спынілася. Развітацца са святаром прыязджалі людзі не толькі з розных куточкаў Беларусі, але і з суседніх краін. Каля трох тысяч вернікаў праводзілі свайго пастыра ў апошні шлях. Святую Імшу ўзначаліў яго сябар ксёндз Леон з Латвіі.
Самаахвярная праца ксяндза Яна Грабоўскага не прайшла дарма. Яго ўласнае жыццё і душпастырская дзейнасць далі прыклад сапраўднага хрысціянскага жыцця не аднаму пакаленню вернікаў. Добрая памяць пра святара трывае і сёння ў сэрцы тых, хто яго ведаў.

Жанна Закрэўская

29.04.2026
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by