Тэрмін “экзарцызм” (грэч. exorxismos – “клятва”) азначае літургічны абрад, прызначаны для вызвалення чалавека або рэчы з-пад уплыву шатана пры дапамозе сілы, якую Хрыстос перадаў Касцёлу. Экзарцызм змяшчае ў сабе просьбу да Бога аб вызваленні ад дэманічнай моцы або непасрэдны загад, накіраваны да д’ябла (параўн. Мк 1, 25). Пачынаючы з 1983 года ў Касцёле дзейнічае новы Кодэкс кананічнага права, які змяшчае запіс адносна экзарцызмаў (кан. 1172): “§1 Ніхто не можа законна выконваць экзарцызмы над апантаным, не атрымаўшы ад мясцовага ардынарыя выразнага спецыяльнага дазволу на гэта”. “§2 Мясцовы ардынарый можа даць такі дазвол толькі прэзбітэру, які вылучаецца набожнасцю, глыбокімі ведамі, разважлівасцю і праведнасцю жыцця”. Існаванне пасады экзарцыста пацвярджаецца лістом папы Карнэлія да Фабія, біскупа Антыёхіі (251). У старажытныя часы экзарцызат быў адной з чатырох ступеняў пасвячэння. Паводле Касцёльнай энцыклапедыі (1874 г.), абавязкам экзарцыста падчас эўхарыстычнага служэння была падрыхтоўка месца для людзей, якія прыступаюць да св. Камуніі, а таксама падаванне вады падчас св. Імшы. †
Сёння часцей за ўсё выкарыстоўваецца экзарцызм, які прамаўляюць падчас хросту. Экзарцызмы сустракаюцца таксама ў формулах асвячэння вады і солі, каб яны былі эфектыўным сродкам барацьбы з нападкамі злога духа. Экзарцызмы з’яўляюцца выразам перакананасці Касцёла ў тым, што хоць сатана і прысутнічае пастаянна ў нашым жыцці, але збаўленне, здзейсненае каштоўнай крывёй Хрыста, ахоплівае ўсіх людзей і ўвесь свет. Яны дапамагаюць чалавеку перамагаць зло і выражаюць пераможную моц Божай ласкі.
Адзін з варшаўскіх экзарцыстаў ксёндз Андрэй Грэфковіч сцвярджае, што існуюць тры ўзроўні ўздзеяння злога духа на чалавека: спакуса, якой падлягаюць усе людзі “пакуль ходзяць па зямлі”, часам пераадольваючы яе, часам ёй паддаючыся; зняволенне, якое можа ўзнікнуць там, дзе мае месца грэх ідалапаклонства (ушанаванне чужых бостваў), што нярэдка можа стаць прычынай захворванняў і ўтрапёнасці; апантанасць, якая з’яўляецца вынікам свядомай або мяркуемай дамовы з д’яблам. Але перш чым да гэтага дойдзе, чалавек па-рознаму адкрывае сябе на зло (экстрасенсорныя сеансы, “паслугі” па прадказанні будучыні, гараскопы, астрапсіхалогія, хірамантыя, растлумачванне прадказанняў і варажбы, празорлівасць, зварот да медыумаў, выкліканне духаў). Наступнымі этапамі ў гэтым працэсе з’яўляецца згода на дзейнасць д’ябла, запрашэнне яго і дамова з ім.
Часта вынікам уздзеяння злых духаў на чалавека могуць быць неспакой, неабгрунтаваныя страхі, якія часта не звязаны з нейкай пагрозай, эмацыянальная раздражнёнасць, начныя кашмары ці ўтрапёнасць (прымус рабіць зло, нанясенне сабе шкоды). Пра грэх, якія аддаляе ад Бога, і ўплыў д'ябла на чалавека расказвае ў інтэрв'ю экзарцыст ксёндз Даніэл Рыхіл.