Таямніца Божага абрання
20 гадоў назад, 1 мая 2003 года, у віцебскай катэдры св.Барбары з рук ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі біскупа Уладыслава Бліна сакрамант пасвячэння ў ступень прэзбітарату атрымалі чатыры кандыдаты: Эдвард Нарадоўскі, Генадзь Добрук, Леанід Мозгель і Андрэй Кулік. Так склалася, што Божы провід усіх іх звязаў з нашай Міёршчынай.
Для ксяндза Эдварда Нарадоўскага, які паходзіць з Відзаў (Браслаўскі раён), Мёры сталі першым месцам святарскай працы. 21 мая 2003 года ён быў накіраваны сюды ў якасці вікарыя. Удзяленне сакрамантаў, работа з моладдзю, пілігрымка “Мёры-Будслаў” – гэта толькі частка святарскіх абавязкаў, якія даводзілася выконваць.

У хуткім часе (праз 4 месяцы) ксёндз Эдвард быў пераведзены вікарыем у Параф’янава. У памяці мёрскіх вернікаў ён застаўся як сціплы, памяркоўны, разважлівы святар.
  • Пілігрымка "Мёры-Будслаў 2003", Мосар
Наступнымі месцамі працы былі Порплішча, Бешанковічы, Іказнь, Глыбокае. 1 верасня 2007 года ксёндз Эдвард Нарадоўскі быў прызначаны адміністратарам парафіі ў Задарожжы (Глыбоцкі дэканат), дзе і зараз аказвае душпастырскую паслугу. З 1 верасня 2010 года з’яўляецца таксама адмінстратарам у Чарневічах, а з 11 чэрвеня 2018 г. – адміністратарам у Падсвіллі. 
  • Працэсія Божага Цела ў Віцебску, 17.05.2006г.
14 гадоў святарскага служэння прысвяціў нашай зямлі ксёндз Генадзь Добрук, які нарадзіўся ў Мастах  (Гродзенская дыяцэзія). Святарскую фармацыю ў якасці вікарыя распачаў у Талачыне, а 21 верасня 2003 года быў прызначаны адміністратарам парафіі ў Дзісне. Тады парафія атрымала свайго першага ў пасляваенны перыяд пастыра, на плечы якога лягла нялёгкая праца па аднаўленні святыні. Першапачаткова была адрэстаўравана сакрыстыя, што прылягала да паўднёвай сцяны. Такім чынам утварылася капліца, якая і дагэтуль з'яўляецца месцам малітвы. У 2006г. пачалося ўзнаўленне паўразбуранага касцёла. Наноў была збудавана сцяна галоўнага фасада з франтонам, распачаліся работы па аднаўленні перакрыццяў. У 2007 годзе з пастырскім візітам парафію наведаў біскуп Уладыслаў Блін.
  • Дыяканскія пасвячэнні. Мёры, 12.11.2002г.
12 жніўня 2009 года святар быў пераведзены адміністратарам парафіі ў Ідолце, дзе акрамя душпастырскай дзейнасці займаўся добраўпарадкаваннем касцёла і прыкасцёльнай тэрыторыі. На працягу 2012 года апекаваўся таксама парафіяй у Друі. 16 ліпеня 2012 г., у літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, парафію ў Ідолце наведаў біскуп Уладзіслаў Блін, які асвяціў шыльду ў гонар былога пробашча святыні ксяндза Станіслава Эліяша. 16 ліпеня 2014г. парафія адзначыла 75-ую гадавіну завяршэння будаўніцтва касцёла. З гэтай нагоды Ідолта наведаў біскуп Алег Буткевіч, які ўзначаліў Імшу і ўдзяліў сакрамант канфірмацыі.

Са жніўня 2015 г. па люты 2016 г. працаваў у дыяцэзіі Хельсінкі (Фінляндыя). З 16 сакавіка 2016 г. па 19 сакавіка 2018 г. быў вікарыем у Мёрах. Парафіянам запомніліся мудрыя казанні ксяндза Генадзія Добрука, раратнія святыя Імшы з заданнямі для дзяцей і перэгрынацыяй абразоў Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

Зараз ксёндз Генадзь Добрук нясе святарскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі.
  • Вялікдзень, 27.03.2016г.
Большую частку сваёй пастырскай дзейнасці прысвяціў нашай зямлі ксёндз Леанід Мозгель, які нарадзіўся ў в.Карэвічы Шчучынскага раёна (Гродзенская дыяцэзія). Адразу пасля святарскіх пасвячэнняў ён быў накіраваны вікарыем у Фарынава, Ветрына, Блізніцы. Затым год працаваў адміністратарам парафіі ў Бягомлі. З 2005 па 2019 гг. аказваў душпастырскую паслугу ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Павяцці. У 2018-2019 гг. быў таксама пробашчам у Ідолце. Ксёндз Леанід пакінуў пасля сябе выразны, прыгожы і велічны след.

Шмат часу і намаганняў аддаў аздабленню касцёла ў Павяцці і добраўпарадкаванню прыкасцёльнай тэрыторыі. Дзякуючы яго ініцыятыве і падрымцы парафіянаў вакол касцёла ўстаноўлена агароджа з брамай.  Пад яго кіраўніцтвам была пабудавана капліца на могілках у Паташні.

Аднак асноўная заслуга святара ў фарміраванні парафіяльнай супольнасці. Праз катэхезу, індывідуальныя гутаркі, казанні, ксёндз Леанід імкнуўся данесці Слова Божае да кожнага верніка. Назаўсёды ў памяці парафіянаў застанецца яго ўменне перадаць усім прысутным у касцёле пачуццё радасці і ўзнёсласці на свята Божага Нараджэння і Вялікдзень.
  • Першая Імша ў Павяцці, 25.05.2005г.
Падчас працы ў Павяцці ксёндз Леанід быў частым госцем і нашай парафіі, асабліва ва ўрачыстасці і святы. Аказваў дапамогу ў канфесіянале, цэлебраваў святую Імшу. У 2006 годзе ўзначаліў пілігрымку "Мёры-Будслаў".

Святар вельмі любіў прыроду, асабліва птушак. У Павяцці недалёка ад плябаніі размяшчаліся два невялікія домікі з драўлянымі сценамі і маленькімі вокнамі, у якіх ксёндз Леанід гадаваў галубоў. Замілаванне гэтымі птушкамі ўзнікла яшчэ ў дзяцінстве, калі ў яго з'явіліся першыя гадаванцы.

23 чэрвеня 2019 г. святар быў прызначаны пробашчам парафіі ў Дзеркаўшчыне.
  • Пілігрымка "Мёры-Будслаў", 29.06.2006г.
На жаль, праца на новым месцы была нядоўгай. 9 лістапада 2020 года ксёндз Леанід адышоў у вечнасць па ўзнагароду Пана. Днём раней памерла яго маці Станіслава, якая апошнія гады жыла разам з ім і дапамагала па гаспадарцы. Пахаваны святар ля касцёла ў Старых Васілішках, яго маці — на парафіяльных могілках.

Ксёндз Леанід Мозгель застаўся ў памяці парафіянаў як чулы, сціплы, самааданы святар, які прысвяціў сваё жыццё Богу і людзям.
23 чэрвеня 2019 года пробашчам нашай парафіі і дэканам Мёрскага дэканату, а таксама пробашчам парафіі ў Дзісне (да  06.09.2020г.) быў прызначаны ксёндз Андрэй Кулік, які паходзіць з в.Мікелеўшчына Мастоўскага раёна (Гродзенская дыяцэзія). У 2002 годзе скончыў духоўную семінарыю ў г.Тарнаў (Польшча). Пасля святарскіх пасвячэнняў працаваў вікарыем у Гарадку. З 21 красавіка 2005г. па 31 мая 2012 г. быў адміністратарам у Падсвіллі. Падчас свайго служэння ў парафіі займаўся завяршэннем будаўніцтва і правядзеннем унутраных работ у новым касцёле, асвячэнне якога адбылося 30 ліпеня 2011 года. Далей была праца ў парафіі св.Уладыслава ў Віцебску (мікрараён Білева), а потым — у парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Канстанцінаве (Глыбоцкі раён).

З 28 верасня 2014г. па 22 чэрвеня 2019 г. апекаваўся парафіяй Унебаўшэсця Пана ў вёсцы Дзеркаўшчына.  Падчас сваёй душпастырскай дзейнасці святар значную ўвагу надаваў рабоце з дзецьмі і моладдзю. На свята Божага Нараджэння ладзіліся батлейкі, недалёка ад святыні была створана спартыўная пляцоўка. Духоўнаму развіццю парафіі паспрыялі святыя Місіі, якія правялі айцы рэдэмптарысты ў маі 2016 года.

9 мая 2018 года парафію з душпастырскім візітам наведаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
  • Асвячэнне касцёла ў Падсвіллі, 30.07.2011г.
15-ую гадавіну святарства 1 мая адзначае наш зямляк брат Алег Шэнда OFMCap. У чэрвені 2000 г. ён ўступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, а 27 снежня 2006 г. склаў вечныя шлюбы. Скончыў Каталіцкі ўніверсітэт у Любліне. 1 мая 2008г.  атрымаў святарскія пасвячэнні. Працаваў у розных месцах на тэрыторыі Беларусі. З 23 лютага 2015 г. па 13 ліпеня 2021г. быў Кусташам (кіраўніком, заўв. аўт.) Беларускай Кустодыі Капуцынаў. Зараз брат Алег нясе душпастырскае служэнне ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску (Новая Баравая).
  • Выбранне Кусташам, 27.02.2015г.
Святы Айцец Ян Павел ІІ у сваёй кнізе "Дар і Таямніца" пісаў: «Кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове — гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека». Мы павінны быць удзячнымі Пану Богу за святароў, якіх Ён нам пасылае і за пакліканні з нашай парафіяльнай супольнасці. Мы павінны быць удзячныя святарам, за іх вялікі дар і пастырскае служэнне: цэлебрацыю Эўхарыстыі, удзяленне сакрамантаў і духоўную падтрымку. Хай нашая ўдзячнасць выражаецца не толькі ў віншаваннях з нагоды пэўных падзей, але, найперш, у малітоўнай падтрымцы, у паслузе свецкіх, у добрым слове і светлай памяці.
Жанна Закрэўская, тэкст,
фота аўтара, а таксама з парафіяльных і асабістых архіваў вернікаў, каталіцкіх сайтаў.

Аўтар выказвае шчырыя словы ўдзячнасці вернікам з Дзісны, Ідолта і Павяцця, якія падзяліліся ўспамінамі і фотаздымкамі. Пры напісанні артыкула выкарыстоўваліся таксама матэрыялы газет "Каталіцкія навіны" (№5, 2003г.), "Каталіцкі веснік" (№10, 2015г., №10, 2021г.), дыяцэзіяльнага даведніка "Віцебская дыяцэзія Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі" (Мінск: Медысонт, 2019г.), каталіцкіх сайтаў catholicnews.by, catholic.by, grodnensis.by.

01.05.2023
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by