WYSIWYG Web Builder
Гісторыя Юбілейных гадоў: устанаўленне перыядычнасці
Перажываем Святы 2025 год. Гісторыя святкавання Юбілейных гадоў доўгая і вельмі цікавая. Прапануем пазнаёміцца з асноўнымі этапамі і традыцыямі святкавання Юбілеяў у Каталіцкім Касцёле.
Гісторыя Юбілейных гадоў бярэ свой пачатак ад Папы Баніфацыя VIII (гады пантыфікату: 1294–1303), які булай Antiquorum habet fida relation абвясціў Юбілейны 1300 год. Була змяшчала таксама ўмовы атрымання адпусту, для якога неабходна было з пакаяннем наведаць у Рыме базылікі Святога Апостала Пятра і Святога Апостала Паўла за Мурамі. У буле Папа Баніфацый VIII пастанавіў, што Юбілеі будуць праходзіць раз у сто гадоў. Була аб правядзенні першага Юбілею была высечана на мармуровай пліце. Яна захавалася да сённяшніх дзён і знаходзіцца ў базыліцы Святога Пятра.

Першы хрысціянскі Юбілей 1300 года стаў надзвычайнай падзеяй. У Юбілейны год Рым наведалі пілігрымы не толькі з Італіі, але і з іншых краін Еўропы, перш за ўсё – з Францыі.  Усяго пабывала больш 200 тысяч пілігрымаў, для тых часоў лічба астранамічная. Адзіны мост, па якім можна было трапіць да базылікі Святога Пятра (мост Сант-Анджэла над Тыбрам), быў забіты стракатым рознамоўным натоўпам пілігрымаў. Усе яны імкнуліся трапіць да гробу св.Пятра каб атрымаць поўны адпуст. Лічацца, што менавіта рымлянам належыць ідэя двухбаковага руху, якая ўзнікла ў выніку рэгулявання патокаў пілігрымаў. Падзеі Юбілейнага 1300 года закрануў у паэме “Боская камедыя” Дантэ Аліг’еры.
У 1343 годзе дэлегацыя з Рыма накіравалася ў Францыю да Папы Клемента VI (г. п.: 1342–1352), які знаходзіўся ў Авіньёне (т.зв.Авіньёнскі палон Папаў: 1309-1378 гг.), з просьбай аб правядзенні ў 1350 годзе надзвычайнага (пазапланавага) Юбілею, правядзенне якога дасць магчымасць большай колькасці вернікаў чэрпаць з ласкаў Юбілейнага года. Акрамя гэтага, рымляне спадзяваліся, што Юбілей ускалыхне энтузіязм вернікаў і правядзенне Юбілею дапаможа, нарэшце, Папу вярнуцца ў папскую рэзідэнцыю ў Рыме.

Клемент VI згадзіўся з гэтай прапановай і ў буле Unigenitus Dei Filius аб’явіў 1350 год Юбілейным, а таксама скараціў перыяд паміж Юбілейнымі гадамі са ста да пяцідзесяці. Для атрымання поўнага адпусту падчас Юбілею, акрамя раней вызначаных базылік, была далучана базыліка св.Яна на Латэране (Латэранская).
Папа Урбан VI (г. п.: 1378–1389) з мэтай ліквідавання  расколу, які існаваў у касцёле, абвясціў надзвычайны Юбілейны 1390 год і скараціў перыяд паміж Юбілеямі да 33 гадоў – у знак 33 гадоў зямнога жыцця Езуса Хрыста. Да ліку базылік, дзе можна было атрымаць юбілейны адпуст, Урбан VI дабавіў яшчэ чацвёртую: базыліку Санта Марыя Маджорэ. Папа Урбан VI памёр у 1389 годзе, а Юбілей правёў Папа Баніфацый IX (г. п.: 1389–1404), які ўсё ж не захацеў парушаць устаноўлены Клементам VI пяцідзесяцігадовы рытм правядзення Юбілеяў і таму аб’явіў Юбілейным таксама 1400 год.

Папа Марцін V (г. п.: 1417–1431) вырашыў прадоўжыць пастанову Папы Урбана VI аб правядзенні Юбілеяў з інтэрвалам у 33 гады і аб’явіў Юбілей у 1423 годзе (праз 33 гады пасля Юбілею 1390). У Юбілей 1423 года былі ўпершыню адчынены вароты Латэранскай базылікі.
Папа Мікалай V (г. п.: 1447–1455) зноў вярнуўся да інтэрвалу ў 50 гадоў і аб’явіў Юбілейным 1450 год. У буле Immensa et innumerabilia Папа нагадваў вернікам, што Юбілей дае больш шырокую магчымасць чэрпаць з крыніцы Божай ласкі. На памяць аб Юбілеі 1450 года Мікалай V загадаў выпусціць першы ў гісторыі Юбілеяў юбілейны медаль.

Папа Павел II (г. п.: 1464–1471) палічыў інтэрвал паміж Юбілеямі ў пяцьдзясят гадоў вельмі доўгім і пастанавіў праводзіць Юбілеі кожныя 25 гадоў. У булле Ineffabilis providential ён абвясціў Юбілейным 1475 год. У гэты Юбілей, акрамя назвы “Юбілейны год”, пачала выкарыстоўвацца таксама назва “Святы год”. З гэтага часу (і да нашых дзён) тэрмін інтэрвалаў паміж Юбілеямі ўжо не змяняўся і стаў пастаянным: усе наступныя Юбілеі (акрамя надзвычайных) сталі праводзіцца праз 25 гадоў. У 1800 і 1850 гадах з-за ваенных дзеянняў і неспрыяльнай палітычнай абстаноўкі Юбілеі не праводзіліся.

Жанна Закрэўская, фота, пераклад у скарачэнні паводле Klimentonline.ru

12.03.2025

Працяг будзе
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by