Сёстры эўхарысткі запрашаюць у Браслаў на юбілейныя ўрачыстасці Кангрэгацыі
29 красавіка сёстры эўхарысткі запрашаюць на юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 100-годдзя існавання Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, якія пройдуць у Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе. Пачатак у 11.00. Урачыстасці ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч.
Кангрэгацыя Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі — гэта манаская супольнасць, якая цалкам прысвяціла сябе малітве і апостальскай дзейнасці ў Касцёле.

Заснаваў супольнасць благаслаўлёны Юры Матулевіч, які ў 1923 г., калі з’явіліся эўхарысткі, быў Віленскім біскупам. Стварэнне кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак было абумоўлена патрэбамі дыяцэзіі. Пасля Першай сусветнай вайны ўзнікла неабходнасць пашырэння рэлігійнай адукацыі сярод людзей і адраджэння рэлігійнага жыцця. Біскуп Матулевіч пачаў з адраджэння манаскага жыцця, якое ў нашай краіне амаль цалкам заняпала з прычыны абмежаванняў, ліквідацый і рэпрэсій, што праводзіла царская ўлада ў адносінах да каталіцкіх законаў. Згодна з намерам заснавальніка, кангрэгацыя павінна была стаць універсальнай, адкрытай на патрэбы ўсяго Касцёла і разам з тым аказваць дапамогу найбольш церпячым, рэлігійна занядбаным людзям, пераважна беларусам.

Месцам заснавання кангрэгацыі стала Друя — невялічкае мястэчка на беразе Дзвіны на мяжы з Латвіяй. Там кангрэгацыя пачала фармавацца ў пачатку 1923 года. Нягледзячы на цяжкасці, сёстры праз некаторы час ужо распачалі працу і ажыццяўлялі харызмат, вызначаны ім заснавальнікам: займаліся навучаннем хрысціянскаму жыццю і выхаваннем дзяцей і моладзі ў каталіцкай веры, а таксама пашырэннем сакрамэнтальнага жыцця, асабліва эўхарыстычнага, ва ўсіх асяроддзях.

Сёстры эўхарысткі нястомна неясуць дух Хрыстовага вучэння, асабліва найбольш занядбаным у рэлігійных адносінах людзям. Духоўнасць кангрэгацыі абапіраецца на Эўхарыстыю. У канстытуцыі эўхарыстак напісана:

«Цэнтрам духоўнага жыцця і апостальскай дзейнасці ўсёй супольнасці і асобных законніц з’яўляецца Езус Хрыстус у таямніцы Эўхарыстыі. Сёстры павінны імкнуцца ўвесь час як мага лепш пазнаваць Яго, наследаваць і любіць, жыць кожны дзень Яго духам».

Асаблівая любоў да Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі, і прыклад заснавальніка вядуць эўхарыстак да любові Хрыста, які прабывае ў Касцёле. Таму яны атачаюць Каталіцкі Касцёл вялікаю пашанаю і верна служаць яму сваёю малітваю, працаю і ахвяраю.

Яднаючыся з Хрыстом, сёстры клапоцяцца таксама пра любоў і еднасць ва ўласных супольнасцях, а таксама пра любоў да людзей. Па меры магчымасці яны спрабуюць прычыніцца да справы паяднання хрысціянаў.

У сваёй апостальскай дзейнасці і ў адносінах з людзьмі эўхарысткі пашыраюць любоў да Хрыста, які прабывае на алтарах, а таксама заахвочваюць словам і прыкладам аддаваць Яму пашану ва ўсіх магчымых формах. Дэвіз кангрэгацыі «Усё для Хрыста і праз Хрыста» нахняе ўсё жыццё і дзейнасць сясцёр.

Сёння сёстры працуюць у Польшчы, Нямеччыне, Літве, Украіне, Расіі, Казахстане і, канешне, у Беларусі. Служаць у якасці катэхэтак, арганістак, закрыстыянак. Найбуйнейшы кляштар сясцёр эўхарыстак у Беларусі размешчаны ў Браславе.

Паводле eucharystki

25.04.2023
Рымска-каталіцкая парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Адрас для карэспандэнцыі:

вул. Паштовая, д.11,
211287 г. Міёры
Віцебская вобласць
Тэлефон: +375 (2152) 41836
е-mail:
kascelmery@gmail.com
Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (гiперспасылкi) на kascelmery.by